Як вайна на Блізкім Усходзе адаб’ецца на Беларусі і асабіста на Лукашэнку

08/03/2026 - 15:24

Эканоміцы можа быць цяжка / LookByMedia

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты сталі для Беларусі важным лагістычным і фінансавым хабам. З краінамі Блізкага Усходу Аляксандр Лукашэнка выбудоўвае асаблівыя адносіны, бачачы там асабістыя інтарэсы. Пра гэта кажа эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі ў свежым выпуску праграмы "Оптымум".

З-за разрастання вайны на Блізкім Усходзе, падчас якой Іран пачаў абстрэльваць усіх сваіх суседзяў, беларускі экспарт "далёкай дугі" можа моцна пацярпець.

"Прынамсі самая прыбытковая частка беларускага экспарту на рынкі “далёкай дугі”. Трэба шукаць новы хаб, трэба выбудоўваць новыя лагістычныя ланцужкі, а гэта час і грошы. Якіх у Беларусі цяпер няма ва ўмовах, калі беларускія тавары губляюць свой асноўны рынак у Расіі", — лічыць Махоўскі.

З дружалюбнымі краінамі Аравійскага паўвострава Аляксандра Лукашэнку звязваюць не толькі дзяржаўныя, але і глыбока асабістыя інтарэсы, нагадвае эканамічны аглядальнік.

"Нездарма ж Лукашэнка яшчэ з нулявых ездзіў у Эміраты як да сябе дадому, нават у тыя часы, калі беларускі экспарт у гэтую краіну быў на мяжы статыстычнай хібнасці.

А ў 2024 годзе Лукашэнка асвоіў яшчэ адзін перспектыўны кірунак. Пасля шматгадовага перапынку ён здзейсніў візіт у Аман. Паўторны візіт у гэтую краіну ў 2025 годзе працягваўся з 28 лістапада па 7 снежня з перапынкам на аднадзённую вылазку ў Алжыр.

Гэта была тая самая паездка, падчас якой Лукашэнка прапанаваў Аману і Алжыру арганізаваць разам з ім завод па вытворчасці ўгнаенняў. Тая самая, дзе на сустрэчы Лукашэнкі з султанам Амана з усіх афіцыйных асоб прысутнічалі толькі яго старэйшы і малодшы сыны.

То-бок гэтая вайна закранае не толькі агульнадзяржаўныя, але і глыбока асабістыя інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі", — падсумоўвае Андрэй Махоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі