Як ва Украіне сустракалі вызваленых з палону (фотарэпартаж)

28/12/2017 - 15:17

27 снежня на Данбасе прайшоў першы за апошнія два гады вялікі абмен палоннымі. Як адзначае hromadske.ua, на падкантрольную афіцыйнаму Кіеву тэрыторыю вярнуліся 73 закладнікі. Украінскі бок перадаў так званым "ДНР" і "ЛНР" 233 чалавекі, хоць спачатку дамаўляліся пра абмен у фармаце 74 на 306.

Вызваленых украінцаў адправілі верталётамі ў Харкаў. Адтуль яны ўначы самалётам прыляцелі ў Кіеў, дзе на ваенным аэрадроме ў Барыспалі іх сустрэлі родныя і блізкія.

Сваякі палонных прыбылі ў аэрапорт яшчэ ўдзень, а самалёт з вызваленнымі ўкраінцамі прызямліўся толькі каля другой гадзіны ночы. 

Сепаратысты аддалі 73 закладніка з 74 папярэдне абвешчаных: 57 чалавек з Данецка, 16 — з Луганска. У іх ліку былі 54 украінскія вайскоўцы, якія знаходзіліся ў палоне так званай "ДНР", пяць — "ЛНР". Астатнія 14 чалавек — грамадзянскія асобы. Адзіны чалавек, які адмовіўся вяртацца на падкантрольную Кіеву тэрыторыю, — жанчына. Яна лічылася ў спісах закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў "ДНР".

Такім чынам пасля абмену ў палоне баевікоў, па словах кіраўніка СБУ, застаюцца яшчэ 103 ўкраінцы.

Украінскі бок адмовіўся перадаваць на абмен усіх затрыманых грамадзян Расіі, уключаных у спісы прадстаўнікамі "ЛНР" і "ДНР".

Вызваленых з палону грамадзянскіх асоб пасля дастаўкі ў Кіеў павезлі ў лякарню "Феафанія", а вайскоўцаў — у цэнтральны ваенны шпіталь для медыцынскага абследавання.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі