Чытаць болей: Мінскае падполле і заіканне караля. ТОП фільмаў пра Другую сусветную без агітак
Мы вырашылі спраўдзіць гэтую інфармацыю на “Беларусьфільме”, але супрацоўнікі дзяржстудыі не адказалі ні праз тэлефон, ні на пошту.
Тым не менш блізкія да нацстудыі крыніцы, якія з меркаванняў бяспекі засталіся ананімнымі, пацвердзілі нашы здагадкі:
“Карацей, гэта той самы фільм, але пры гэтым і не той самы. Пачыналі з узбекамі, і першыя здымкі там былі, але нешта пайшло не так, і нашы самі даздымалі. А якая прычына — няясна”, — расказаў суразмоўца.
Больш гаваркімі аказаліся супрацоўнікі “Узбекфільма”, якія расказалі Еўрарадыё у тэлефоннай размове, што “Казбек” своечасова не выйшаў праз праблемы з фінансамі і замену рэжысёра, але цяпер вось даздымаецца і абавязкова трапіць на экраны сёлета. Але пра што будзе гэтае кіно і ці працягнецца супраца з “Беларусьфільмам”, суразмоўцы не змаглі адказаць.
Пыл у вочы
Недагаворванне з боку “Беларусьфільма” — звычайная тактыка, калі ў прадпрыемства нешта ідзе не па плане.
Так, нацстудыя ніяк не тлумачыла, чаму драма “Сляды на вадзе” 2016 года, ідэалагічны праект да 100-годдзя беларускай міліцыі, спачатку забралі ў рэжысёра Андрэя Голубева, які пісаў яго сцэнар цэлых 8 гадоў, і перадалі расійскаму рэжысёру Ягору Канчалоўскаму. Расіяніна пракінулі з праектам і ганарарам, а фільм у выніку здымаў іншы беларускі пастаноўшчык — Аляксандр Анісімаў.
Нешта падобнае цяпер адбываецца ў супрацы “Беларусьфільма” з кінематаграфістамі з Кітая. Экс-гендырэктар нацстудыі Уладзімір Карачэўскі доўгіх пяць гадоў сцвярджаў, што айчынныя кіношнікі вось-вось здымуць з азіяцкімі партнёрамі сумесны праект. Далей за словы праца не пайшла.
Новы кіраўнік “Беларусьфільма” Юрый Аляксей, якога прызначылі на пасаду ў мінулым годзе, заявіў, што перамовы з кітайцамі ўжо выйшлі на фінішную лінію. Будучы праект пад рабочай назвай "На вякі вечныя" раскажа пра сяброўства і каханне паміж маладымі кітайцамі і беларусамі. І яго ўжо сёлета мусіць зняць малады рэжысёр Кірыл Халецкі, які адпрацоўвае размеркаванне на нацстудыі (зняў для “Беларусьфільма” ў 2023 годзе камедыю “Кіношнікі”).
Цяпер галоўнае, каб супраца з кітайцамі ў дзяржкінематаграфістаў не атрымалася такой жа “паспяховай”, як з узбекамі ці расіянамі.