Каханне на мяжы / Еўрарадыё
“Каханне на мяжы” — праект пра беларусаў і беларусак, чые адносіны праходзяць выпрабаванне палітыкай і вайной, гісторыі кахання, якое выжывае насуперак усяму.
Воля — беларуская актывістка, якая знайшла прытулак у Літве. Саша — яе каханы, вымушаны жыць на дзве краіны. Іх гісторыя магла б быць звычайнай, калі б не адно “але”: хваля дыскрымінацыі ў бок беларусаў у Літве, магчымае пазбаўленне ДНЖ ставіць пад пагрозу іх сустрэчы. Даведаліся, як гэта — жыць без магчымасці будаваць планы, праходзіць праз крызісы ў стасунках, захоўваць сябе ў эміграцыі.
*імёны герояў змененыя
Воля з’ехала з Беларусі ў Літву пасля падзеяў 2020-га праз палітычны пераслед. Летась яна пазнаёмілася з беларусам Сашам, які вымушана жыве зараз на дзве краіны: у Беларусі ў яго маленькае дзіця, а ў Літве праца.
“Калі б не было гэтых усіх умоваў, мы, напэўна, ужо б жылі б разам, можа нават ажаніліся б, — апавядае Воля. — Але ўсіх яго знаёмых па адным прызнаюць “пагрозай нацыянальнай бяспекі Літвы”, і ёсць рэальная небяспека, што і з ім такое можа быць. Гуманітарны ДНЖ Сашы не падыходзіць, бо ў Беларусі маленькае дзіця, да якога ён павінен ездзіць”.
За апошні год колькасць беларусаў з часовым дазволам на жыхарства скарацілася больш чым на 9 тысяч чалавек. Яшчэ ў сакавіку парламентарыі-кансерватары прапанавалі ануляваць ужо выдадзеныя беларусам днж, калі тыя ездзяць у Беларусь часцей, чым раз на тры месяцы.
Боль усёй гісторыі, як кажа Воля, што пара разам, пакуль Літва не адмовіць Сашы ў дазволе на жыхарства.
“Я нават зараз адчуваю ком у горле, бо разумею, што ён мне стаў вельмі блізкім чалавекам. Усё магло б быць інакш, а мы нічога не можам змяніць увогуле, мы проста вымушаныя чакаць”.
Саша адразу распавёў Волі пра дзіця і што мусіць ездзіць у Беларусь. Воля прызнаецца, спачатку праблемы не было, бо ніхто не думаў, што ўсё выльецца ў штосьці сур’ёзнае.
“Калі ўсё пачыналася, былі жарты, што калі нешта не пойдзе, мы будзем сябраваць. Ты сустракаеш чалавека, з якім табе на сто адсоткаў камфортна, быццам вы ў мінулым жыцці былі разам, адчуваеш, што гэта абсалютна твой чалавек. А потым знаходзіш сябе на нейкай кропцы, што ўсё, жарты пра сяброўства скончыліся, гэта нешта нашмат больш глыбокае”.
Саша спачатку стараўся не казаць Волі, калі з’язджаў у Беларусь, пазбягаў апісанняў месцаў.
Зараз Саша жыве палову часу ў Літве, палову ў Беларусі. Для Волі такі фармат стасункаў не благі, бо ёсць магчымасць не быць разам 24/7, але ў той жа час яна прызнаецца, што ёй хацелася б, каб Саша больш часу праводзіў з ёй у Літве.
“Мне здаецца, што ён сумуе нашмат больш, і не таму, што ён больш прывязаны, а таму што проста неяк горш вытрымлівае адзіноту. Я ўжо даўно прывыкла адна вандраваць, хадзіць на канцэрты, у кавярні, я добрая пара для сябе. А ў яго інакш. Ну і падтрымлівае тое, што заўжды можна патэліць, паразмаўляць, напрацягу дня заўжды лістуемся”.
Воля дадае, што нягледзячы на тое, што пара разам толькі год, у іх сапраўды аднолькавае бачанне шматлікіх рэчаў.
“Нядаўна я чакала Сашу ў горадзе, было нейкае абсалютна магічнае святло, я зрабіла фота, а на наступны дзень выслала яму. І ён мне дасылае здымак, які зрабіў за некалькі секунд да таго, як забраў мяне. То бок у нас амаль два аднолькавыя здымкі, зробленыя без дамоўленасці”.
Сашы і Волі каля сарака гадоў. Яны пражылі вялікую частку жыцця з іншымі людзьмі — абодва ў разводзе. "Калі у такім узросце сустракаеш новага чалавека, які хутка становіцца блізкім, вельмі цяжка знайсці нешта агульнае, што не было б звязана з тваім мінулым", — кажа Воля.
“Для Сашы заўжды вельмі вялікая радасць, калі атрымліваецца зрабіць нешта ўпершыню са мной. А яшчэ больш ён радуецца, калі я штосьці раблю ўпершыню з ім. Нядаўна ён пачаставаў мяне марозівам, якое я ніколі не спрабавала, мне было так смачна! І я адчула, што чалавек проста самы шчаслівы ў свеце, ён чымсьці мяне здзівіў, я штосьці зрабіла ўпершыню з ім, і мне гэта спадабалася”.
Нягледзячы на ўсё цудоўнае, што ёсць у гэтых стасунках, Воля некалькі разоў спрабавала іх скончыць, бо разумела: чым далей, тым больш будзе балюча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут