Як на MILEX мы шукалі люксавы аўтазак, а знайшлі дрон-камікадзэ і новы БТР

25/06/2021 - 09:52
Калі хочаце ўбачыць галоўны экспанат, устаньце тварам да ўвахода / Еўрарадыё

На "Мінск-Арэне" цяпер амаль Дзень Незалежнасці. Круцяцца лакатары радыёлакацыйных станцый, кружацца дзеці вакол танкаў і новага БТР. І галава ад такой нябачанай ваеннай моцы Беларусі ў карэспандэнткі Еўрарадыё таксама трошкі закруцілася.

Мы адпраўляліся на выставу ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX, каб паглядзець на "новы аўтазак з кандыцыянерам". Яго фота тыражавалі ў сацсетках, і нам захацелася пратэсціраваць выставачны ўзор.

Карэспандэнтка Еўрарадыё так доўга шукала аўтазак (спойлер: таму што аўтазакаў на выставе няма), што вывучыла ўсё, чым багаты айчынны ваенпрам.
 

Галоўны экспанат

У пачатку месяца было абвешчана: на MILEX пакажуць новы — і наогул першы — беларускі паўнапрывадны бронетранспарцёр Volat V2.

Volat 2 — галоўны экспанат выставы / Еўрарадыё

Учора ён стаяў тут, загадкава прыкрыты тканінай. Потым тканіну сцягнулі, а прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка сфатаграфаваўся ў дэсантным аддзяленні. З усяго гэтага ўгадвалася, што гэты распрацаваны на МЗКЦ новы БТР і ёсць галоўны экспанат выставы.

Сёння замест Галоўчанкі каля бронетранспарцёра робяць сэлфі госці MILEX у лёгкіх летніх сукенках. Ля стэнда Volat доўга вядзе перамовы пакістанская дэлегацыя.

Вывучаем характарыстыкі навінкі. Каб абараніць экіпаж пры падрыве, у БТР усталяваны спецыяльныя сядзенні і падвесная падлога, якія зніжаюць уздзеянне ўдарнай хвалі і абараняюць ад аскепкаў. Новы БТР можа разганяцца да 110 кіламетраў за гадзіну. Можа плаваць — да 10 кіламетраў за гадзіну. Можа браць паўметровыя вертыкальныя перашкоды.

Хіба што гусеніцамі на мяжы не пабразгаеш — тэхніка ўсё ж колавая.
 

"Лёша, ну вы пастралялі?"

Фота з БТР — не адзіная актыўнасць на выставе. Можна пасядзець за штурвалам авіятрэнажора, можна — за танкавым трэнажорам.

Можна паспрабаваць пастраляць з ручнога мінамёта па танках у дэкарацыях пустэльні.

Можна ўвасобіць і самыя нетрывіяльныя фантазіі: кіраваць танкам або страляць у пустэльні з мінамёта / Еўрарадыё

Гэты лазерны трэнажор-імітатар стральбы — салідная эканомія. Адзін сапраўдны снарад каштуе каля 400 долараў. Так што лепш адпрацаваць у класе і танней, расказалі на стэндзе холдынга Belomo: тут распрацоўваюць оптыка-электронныя і лазерныя прыборы.

— Розніца паміж гэтай зброяй і рэальнай толькі ў адсутнасці аддачы. Можна адпрацаваць функцыі ўсіх асноўных удзельнікаў разліку мінамёта: стралка-наводчыка, карэкціроўшчыка, інструктара.

На стэндзе аншлаг.

— Лёша, ну вы пастралялі? Ну хоць у руках патрымалі?

Дзяўчаты захоплена валяць варожыя танкі ў пустэльні. Дзеці фатаграфуюцца з макетамі зброі. Пакістанская дэлегацыя гутарыць з прадстаўнікамі холдынга. Карэспандэнтка Еўрарадыё вывучае ўсіх пералічаных праз цеплавізар.

Прадстаўнікі пакістанскай дэлегацыі ў гутарцы з Еўрарадыё пазней пахвалілі выставу, расказалі, што пагутарылі з прадстаўнікамі розных кампаній. Карацей, шукалі сферы, у якіх маглі б супрацоўнічаць.
 

"Нагледзелі сабе што-небудзь?"

Наогул выстава MILEX для таго і існуе, каб паказаць найноўшыя распрацоўкі ваенпрама, заключыць кантракты і даць пагутарыць экспертам у сферы ўзбраенняў. Адным словам, захоўваць дзелавітасць і мімікраваць пад патэнцыйнага пакупніка тут даволі складана.

На сваім месцы можна сябе адчуць хіба што ў буфеце.

— Нагледзелі сабе што-небудзь? — цікавіцца ў карэспандэнткі госць выставы за суседнім столікам. — Мне беспілотнікі падабаюцца.

— Мне таксама.

Дроны прыпаркаваныя звонку — каб іх агледзець, можна нават білет на выставу не купляць / Еўрарадыё

А беспілотнікаў на выставе шмат — ад распрацовак Акадэміі навук да ўзораў ад Баранавіцкага завода. Мы зацікавіліся разведвальнымі БПЛА (беспілотнымі лятальнымі апаратамі) на стэндзе Баранавіцкага авіяцыйнага завода.

Тут нам расказваюць, як адзін маленькі беспілотнік можа падмануць вялікую станцыю і прыкінуцца вялікім самалётам.

— Гэты беспілотнік з "грыбочкам" — радыёлакацыйны выведнік, — знаёмяць нас на стэндзе. — Ён знаходзіць радыёлакацыйныя станцыі. А яшчэ можа ставіць перашкоды для гэтых станцый.

Беспілотнік стварае воблака фальшывых цэляў. Спецыяліст на экране лакатара бачыць, што ляціць знішчальнік, а на самай справе ляціць беспілотнік. Такім чынам у час баявых дзеянняў можна падмануць варожыя разлікі, выклікаць іх актыўнасць і, вызначыўшы каардынаты размяшчэння радыёлакацыйных станцый, нанесці па іх удар.

Беларускі беспілотнік-камікадзэ / topwar.ru

Іншы хітры і спрытны беспілотнік, аказваецца, яшчэ і камікадзэ. Калі захапіў цэль, то пікіруе і выбухае.

На стэндзе пра беспілотнікі расказваюць з такой пяшчотай, што камікадзэ тут жа становіцца шкада. Адразу за "шкада" становіцца сквапна, і мы цікавімся, колькі каштуе такі аднаразовы апарат.

— Такая тэхніка таннай не бывае. Так, камікадзэ. Так, выбухае. Так, шкада. Але што ён можа падарваць? Гэты беспілотнік і яго баявая частка пры траплянні можа нанесці пашкоджанні штурмавіку коштам у дзясяткі мільёнаў долараў. У тым ліку знішчыць яго. І яго кошт не параўнальны з коштам знішчальніка.

 

З кандыцыянерам і спальнымі месцамі — але не аўтазак

Стэнды не заканчваліся, спякота ўзмацнялася. Яшчэ ніколі карэспандэнтка Еўрарадыё не адчувала такога адчайнага жадання ўбачыць аўтазак — як анансавалася, з кандыцыянерам.

І рэдакцыйнае заданне было недвухсэнсоўным: без аўтазака не вяртацца. Звярнуцца да дапамогі іншых гасцей выставы аказалася дрэннай ідэяй. Пытанне "Вы не бачылі тут аўтазак?" чамусьці мала каму падабаецца.

Кандыцыянер асобна ад аўтазака знайшоўся ўнутры мабільнага палявога шпіталя. Акрамя кандыцыянера там ёсць ШВЛ і стойкі з кіслародам.

— Гэтыя комплексы можна выкарыстоўваць не толькі для вайскоўцаў. Калі ў лякарнях не хапае месцаў, іх можна разгарнуць.

З неахвотай пакінуўшы медыцынскі комплекс, карэспандэнтка Еўрарадыё ўсё ж пазнае ў адной з машын для перавозкі асабовага складу "аўтазак" з сацсетак.

Машына для перавозкі асабовага складу. А не затрыманых / Еўрарадыё

— Калі гэта і аўтазак, то вельмі люксавага ўзроўню. Тут нават спальныя месцы ёсць, — сказаў дзяжурны на стэндзе і запрасіў агледзець аўто.

У такім "аўтазаку" ёсць нават спальныя месцы / Еўрарадыё

Унутры сапраўды ёсць кандыцыянер, цяпер ён паказвае "+25 градусаў". Спальныя месцы, зручныя пасадачныя месцы, санвузел, запас вады аб'ёмам на тону, пакой для захоўвання зброі.

Калі ваш аўтазак не падобны да гэтага, нават не думайце нас запрашаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі