Хочаце паспяваць амаль усё? Гэта магчыма / Unsplash
Хочаце быць больш эфектыўнымі? Гэта магчыма, і нават не прыйдзецца дадаваць лішнія гадзіны ў суткі. Як? Еўрарадыё папрасіла падзяліцца парадамі па сэлф-менеджменце Алену Жываглод — лідарку супольнасці *Сумленныя людзі, віцэ-спікерку Каардынацыйнай рады і прадпрымальніцу. Яна паспявае займацца ўсімі праектамі — таму дакладна ведае, пра што кажа. Даем слова Алене:
Тайм-менеджмент і сэлф-менеджмент у прыватнасці — гэта не толькі пра размеркаванне дзейнасці (задач) на лінейцы часу, гэта пра ваша усведамленне таго, на што вы траціце сябе (сваю каманду), дзеля чаго і колькі сябе вы гатовыя аддаваць.
Усё, пра што я скажу далей, дастасуецца да кіравання вашым часам як асобна ўзятага чалавека, так і праектнай групы або арганізацыі, эфектыўнасцю якіх вы кіруеце ці хацелі б кіраваць.
Крута, калі вы разумееце ваша прызначэнне, місію. Тады мэты і задачы на доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновы перыяды вам ставіць лёгка.
Вызначыце сэнс дзейнасці, жаданы вынік і спіс дзеянняў, якія вас прывядуць да выніку. Усё ўносьце ў таблічку: адно дзеянне (актыўнасць) — 1 радок.
Колькі часу вам (вашым аднакаманднікам, калі вы кіруеце не толькі сваёй эфектыўнасцю) трэба на ажыццяўленне актыўнасці, зафіксаванай у спісе з пункта 1? Палічыце гадзіны на тыдзень для кожнага з радкоў табліцы.
Прастаўце тэрміны (рэальныя даты) для кожнага радка: у якія канкрэтна дні тыдня вы будзеце займацца гэтымі актыўнасцямі. На гэтым этапе вы ўбачыце перасячэнне / супадзенне ў часе / перагруз і зможаце пераразмеркаваць актыўнасці ў часе, расставіць прыярытэты, прыняць рашэнні аб тым, што мэтазгодна дэлегаваць.
Не забудзьцеся ўнесці ў каляндар вашыя хобі, сям'ю і ўсё, чым вам важна напаўняць вашае жыццё.
У свеце столькі ўсяго цікавага, адказнасці перад калегамі, сябрамі, сям'ёй і сабой так шмат, што вось вам ужо не хапае часу ў календары на ўсё жаданае. Дэлегуйце тое, што можна дэлегаваць.
Расцеце вы — расце і ваша асяроддзе: развівайце людзей побач, вызваляючы сабе час. Давярайце. Пазбаўляйцеся таго, што вам нецікава: можа быць выклікаць спецыялістаў клінінг-кампаніі — гэта ваш спосаб ашчадзіць час на кнігу за кубкам гарбаты ці зарабіць грошай.
Часам мы трацім шмат унутранага рэсурсу нават не на дзеянні, а на думкі «паміж дзеяннямі», на «настрой», на «складана сабрацца» — на тое, што вы не ўпісваеце ў свой каляндар. Задайце сабе пытанне: што вы церпіце, што вас трывожыць? Хутчэй за ўсё гэта і ёсць тое, што дазволіць вам вызваліць энергію і час.
Калі вы на сваім месцы і робіце тое, у што верыце, — энергія б'е струменем, я ўпэўненая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут