Як доўга інфакіёскі не будуць прымаць новыя рублі (відэа)

22/07/2016 - 13:10

Дэнамінацыя ў Беларусі адбылася першага ліпеня, прайшло ўжо больш за тры тыдні. Аднак новыя грошы па-ранейшаму саступаюць старым ва ўніверсальнасці. Калі ў крамах і банках іх прымаюць, то інфакіёскі і паркаматы новыя рублі распазнаваць катэгарычна не хочуць.

Для эксперыменту ідзём з калегам у бліжэйшы банк пакласці пяць рублёў на мабільнік. У касах даўно гэтага не зробіш, толькі праз інфакіёск. Выбіраем аператара, уводзім нумар, пазначаем суму, засоўваем свежую пяцірублёўку ў прыёмнік банкнот. Інфакіёск секунду трашчыць, а потым выплёўвае купюру назад. Другая спроба, трэцяя. На дапамогу прыходзіць супрацоўніца банка:

― Вам трэба абмяняць новыя рублі на старыя ў касе. І старымі заплаціць праз інфакіёск. Ён новыя не прызнае.

― І як доўга гэта будзе працягвацца?

― Ну... Пакуль не памяняюць інфакіёск.

У прэс-службе "Белаграпрамбанка" расказваюць, што частка іх інфакіёскаў ужо прымае новыя рублі, а рэшта пачне гэта рабіць у бліжэйшы час. Ну як бліжэйшы... Адносна.

"Частка ўжо прымае. Іншыя пачнуць гэта рабіць на працягу двух месяцаў", ― абяцаюць там.

У самым буйным банку краіны ― "Беларусбанку" ― таксама гавораць пра некалькі месяцаў. Складанасці тлумачаць вялікай колькасцю абсталявання, якое трэба замяніць:

"Адна справа, калі ў банка 10 інфакіёскаў. А калі 1000? У нас іх каля 2000. Мяняем паступова. Мяняецца не цалкам інфакіёск, а толькі яго частка. Цалкам замяніць ― гэта вельмі дорага. Яны шмат каштуюць", ― расказваюць у прэс-службе "Беларусбанка".

Дарэчы, новыя грошы не падабаюцца не толькі інфакіёскам. Паркаматы на плошчы Свабоды таксама іх не прызнаюць. Але паркаматы на гэтым не спыніліся і не прымаюць нават пластыкавыя карткі міжнародных плацёжных сістэм. Кіроўцам трэба падрыхтавацца і заўсёды мець пры сабе пачак купюр з нулямі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі