Амаль два гады таму дзяржава падзяліла беларусаў на "нармальных" і "дармаедаў". Першыя "ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў" і могуць спаць спакойна, другія — не, і таму абавязаныя заплаціць збор — 360 рублёў.
Згодна з дэкрэтам №3, "удзелам у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў" дзяржава прызнае толькі падаходны падатак (з фізічных асобаў), адзіны падатак (з ІП) і падатак па спрошчанай сістэме падаткаабкладання (з тых, хто мае права яго плаціць). Хто жыве ў Беларусі і не плаціць хаця б 360 рублёў гэтых падаткаў у год, той "дармаед". На думку эканаміста Леаніда Заікі, чыноўнікі не маюць рацыі:
"Паступленні ў бюджэт ідуць ад падатку на дададзеную вартасць. Гэта за кошт таго, што прадукцыя ствараецца і рэалізуецца ў крамах. Людзі набываюць соль, запалкі. Нехта яхты набывае. Усё гэта ўключаецца. То бок, я б пагадзіўся з дэкрэтам, дзе заклікаюць плаціць нейкія грошы толькі беларусаў, якія нічога не ядуць і нічога не п'юць", — кажа эканаміст.
Пазіцыю дзяржавы ў адказ на пытанне Еўрарадыё тлумачыць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава:
"Можна пад сафінансаваннем палічыць усё што заўгодна. І пакупку тавараў у краме. Але мы кажам пра іншыя выпадкі. І не выпадкі, а пра іншыя, так скажам, моманты, вельмі важныя ў жыцці нашай краіны. Тое, што сёння робіцца ў нашай краіне і не робіцца ў іншых дзяржавах. Вось вы вазьміце такую развітую краіну, як Швецыя. Там уся вышэйшая адукацыя — платная. Абсалютна ўся. Таму тут, разумееце, трэба падыходзіць больш сур'ёзна".
Але мы падыходзім абсалютна сур'ёзна, сур'ёзней няма куды. Калі мы набываем у краме бульбу, калі аплачваем газ па жыроўцы, калі кладзем грошы на мабільны тэлефон, у бюджэт з нашай кішэні пералічаецца падатак на дададзеную вартасць.
Калі мы добра зразумелі Наталлю Іванаўну, дык беларуская дзяржава за кошт збору з "дармаедаў" збіраецца фінансаваць нейкія выдаткі, якія ў іншых дзяржавах не існуюць. Але, па-першае, на гэтыя ж мэты ідзе і ПДВ. А па-другое, калі шчыра, беларусы не ведаюць, як насамрэч размяркоўваюцца бюджэтныя грошы.
"Фінансаванне якіх выдаткаў? — перапытвае Леанід Заіка. — Ці ведаюць людзі, колькі ў нас выдаткоўваецца на добраўпарадкаванне вуліц? Ці ведаюць людзі, колькі грошай патрачана на будаўніцтва атамнай станцыі? Людзі абмяркоўваюць гэта? Ніколі не абмяркоўвалі, гэта закрытыя тэмы".
Мы вырашылі вылічыць, колькі сярэдні беларус плаціць падатку на дададзеную вартасць. Разлікі прыкладныя, бо актуальная статыстыка часам недаступная. Але ўсе супадзенні з рэальнасцю невыпадковыя!
Белстат збірае звесткі пра тое, колькі грошай і на што траціць за месяц адна хатняя гаспадарка:
на харчаванне ― 40,6% ад усіх грошай, якія ёсць у сям'і; на нехарчовыя тавары ― 33%; на алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы ― 3,2%; на аплату паслуг сувязі ― 4,7%.
Паводле таго ж Белстата, у адной хатняй гаспадарцы у Беларусі жыве ў сярэднім 2,4 чалавека. Грашовыя даходы ў разліку на душу насельніцтва ў сярэднім — 490 рублёў за месяц. То бок, даход адной хатняй гаспадаркі ў сярэднім складае 1176 рублёў за месяц.
Вылічваем ПДВ, які сям'я сплачвае, калі набывае:
прадукты харчавання (40,6%) = 470,4, а з іх ПДВ 20% = 94,08 рубля; нехарчовыя тавары (33%) = 388,08, з іх ПДВ 20% = 77,6 рубля; паслугі сувязі (4,7%) = 55,27, з іх ПДВ 25% = 13,82 рубля.
Тут мы не можам падлічыць акцызы і ПДВ, якія сплачваюць спажыўцы паліва, алкаголю і тытуню. Па некаторых адзнаках, кошт акцызу можа дасягаць паловы ад кошту літра бензіну.
Атрымліваецца, за месяц хатняя гаспадарка плаціць не менш за 185,5 падатку на дададзеную вартасць. Дзелім на 2,4 — атрымліваем 77,3 на чалавека. Памнажаем на 12 месяцаў і атрымліваем 927,5 рубля за год. З кожнага беларуса. Гэта ў 2,5 раза больш, чым тыя 360 рублёў, якія дзяржава вырашыла спаганяць з "дармаедаў".
Трэба зрабіць невялічкую папраўку на тавары і паслугі, стаўка ПДВ на якія меншая за 20%. Але такіх не шмат.
Тыя, каго дзяржава залічыла ў "дармаеды", фінансуюць яе выдаткі, ды яшчэ як. Пагодзімся: беларусы, якія не атрымліваюць афіцыйнага даходу, не плацяць і падатку на прыбытак. Менавіта яго, называючы "зборам на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў", і імкнецца спагнаць з "дармаедаў" дзяржава. Але падатковая інспекцыя заўжды палюе на тых, хто не плаціць падаткі. Толькі вось шукаць іх цяжка. Нашмат прасцей запісаць усіх у "сацыяльныя ўтрыманцы", нягледзячы на тое, што дзяржава ўтрымліваецца ў тым ліку і за іх кошт.