Вынік вядомы, альтэрнатывы няма — што можна фальсіфікаваць і за чым тут сачыць?

02/09/2015 - 10:43

За выбарамі назіраць абяцаюць усе — і праваабаронцы, і палітычныя структуры? Але якіх парушэнняў з боку ўлады яны гэтым разам чакаюць? Бо каго мы, па меркаванні апазіцыі і палітолагаў, маем на выбарчай дыстанцыі? 

Пра лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча ўжо даўно кажуць, што ён — штатны спарынг-парнёр Аляксандра Лукашэнкі. “Казацкі атаман” Мікалай Улаховіч сам наўпрост заяўляе, што падтрымлівае кіраўніка краіны. Таццяна Караткевіч? Так яе ж сама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паўсюдна хваліць — пайшла на пагадненне з уладай! Дык супраць каго і навошта нешта там фальсіфікаваць?

Партыя БНФ, пасля сваёй адмовы далей падтрымліваць Таццяну Караткевіч, абяцае ўсю сваю ўвагу скіраваць на… назіранне. А глядзець найперш будуць за тым, каб яўку выбаршчыкаў ЦВК не “накруціў”.

“І калі сетка назірання будзе дастаткова шырокая, а мы імкнёмся да гэтага, то назіральнікі змогуць альбо прадухіліць магчымыя маніпуляцыі з яўкай, а калі прадухіліць не атрымаецца, то назіральнікі атрымаюць сведчанні для беларускага грамадства. Прынамсі па гэтым важным, істотным кампаненце выбарчага працэсу”, — кажа лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

 

Будуць назіраць за выбарамі і прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Па словах яе лідара Анатоля Лябедзькі, для іх “фіксацыя рэальнай яўкі выбаршчыкаў — прыярытэт на этапе назірання”.

Як вынікае са слоў маіх суразмоўцаў, калі будзе розніца ў лічбах яўкі, то гэта сумесна з фактамі неўключэння прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі, няроўнасцю прысутнасці кандыдатаў у СМІ і гэтак далей павінна стаць аргументам для БДІПЧ АБСЕ, каб не прызнаваць гэтая выбары “адпаведнымі крытэрыям і стандартам БДІПЧ АБСЕ”.

Па словах прадстаўніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, назіральнікі ад яе найперш будуць сачыць за іншымі магчымым парушэннямі: прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, галасаванне дома — каб галасавалі толькі тыя, хто сам таго хоча, і прадстаўнікі выбарчых камісій не хадзілі па кватэрах са скрынкай у руках.

“І, вядома, галоўная штука ўжо з палікам галасоў, — далучаецца да размовы кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. — Каб уся камісія ў адным месцы лічыла гэтыя бюлетэні, а не так, калі 10-15 членаў камісіі адначасова вядуць паралельны падлік, і тады пракантраляваць ні назіральнікам немагчыма, ні самі члены камісіі не могуць быць упэўненыя ў выніках падліку”.

Але наколькі верагодна, што сабраныя парушэнні з пералічаных будуць успрынятыя БДІПЧ АБСЕ як сур’ёзныя, каб на іх падставе сказаць, што чарговыя беларускія выбары “не адпавядаюць дэмакратычным стандартам”?

Уладзімір Лабковіч: “Калі БДІПЧ АБСЕ будзе зыходзіць менавіта са стандартаў, а не з палітычнай мэтазгоднасці, цалкам верагодна, што выбары могуць быць не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі. То бок, не адпавядаючымі міжнародным стандартам”.

Калегу пярэчыць Алег Гулак. Па яго версіі, БДІПЧ АБСЕ не толькі не будзе ў выніку прызнаваць ці не прызнаваць беларускія выбары. Нават канкрэтных словаў пра адпаведнасць дэмакратычным стандартам у сваёй фінальнай справаздачы!

Алег Гулак: “Што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам дакладна і адназначна АБСЕ звычайна не піша, а піша больш шырокую выснову — пра тэндэнцыі, якія адбываліся. А ўжо як потым адрэагуюць, ці павіншуюць новаабранага прэзідэнта кіраўнікі еўрапейскіх краін, ці не павіншуюць — гэта трэцяе пытанне”.

Такім чынам, у выніку прызнанне ці не прызнанне нашых выбараў залежыць ад рознага ўзроўню еўрапейскіх структур. Дзе без палітычнай матывацыі не абыходзіцца. І такія факты, як адсутнасць у краіне палітвязняў і роля міратворца ва ўкраінскім канфлікце іграе на карысць афіцыйнаму Мінску.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі