Вельмі кароткі агляд асноўных міжнародных навін / Еўрарадыё
Пакуль фэйсбук шукае сапраўдных экспертаў сярод сваіх карыстальнікаў, у Расіі ўжо заявілі пра немагчымасць вайны паміж Кітаем і ЗША.
Што рабіў аголены беларус у цэнтры Варшавы і навошта бацькі адправілі дачку на ненаселены востраў — у вельмі кароткім аглядзе міжнародных навін ад Еўрарадыё.
У цэнтры Варшавы затрыманы 40-гадовы беларус, які разгульваў па вуліцах галышом. Відавочцы заўважылі мужчыну каля Палаца культуры і навукі і звярнуліся ў паліцыю.
Мужчына ўцякаў і пагражаў, што, калі ад яго не адстануць, разаб'е галаву аб слуп.
Праваахоўнікам давялося перакрыць вулічны рух, бо мужчына паспрабаваў уцячы ад іх па ажыўленай праезнай частцы. У цяперашні час беларус затрыманы. Адзначаецца, што перад гэтым яго адвезлі ў бальніцу.
У Кітаі бацькі адправілі 13-гадовую дачку на ненаселены востраў, таму што яна не слухалася.
Дзяўчынка прасіла карміць яе лепей, але адмаўлялася вучыцца і дапамагаць па доме.
Інцыдэнт адбыўся ў кітайскай правінцыі Шаньдун.
Пакінутую на востраве дзяўчынку знайшоў рыбак. Пачуўшы крыкі пра дапамогу, ён забраў яе з вострава і перадаў паліцыі.
Нягледзячы на рознагалоссі, вайна паміж ЗША і Кітаем немагчымая. Так сказаў амбасадар Расіі ў КНР Андрэй Дзянісаў.
Кіраўнік дыпмісіі ўпэўнены, што складанае ўзаемадзеянне паміж дзвюма звышдзяржавамі не прывядзе да ваеннага абвастрэння.
Дыпламат падкрэсліў, што Пекін і Вашынгтон залежныя адзін ад аднаго на эканамічным і фінансавым узроўнях.
Канстытуцыйны суд Іспаніі прызнаў, што хатні каранцін у першую хвалю пандэміі быў часткова незаконны. Атрымліваецца, што і штрафы, выпісаныя ў гэты час парушальнікам, таксама незаконныя і могуць быць аспрэчаныя.
Суддзі лічаць, што строгі хатні каранцін не можа прымяняцца пры дзеянні надзвычайнага рэжыму. Права на перамяшчэнне можна было толькі змяніць або абмежаваць, але не забараняць цалкам.
У рамках барацьбы з дэзынфармацыяй фэйсбук запусціў функцыю выбару экспертаў у суполках. Адміністратары змогуць выбіраць іх з ліку карыстальнікаў. Іх паведамленні будуць пазначацца спецыяльным значком.
Такім чынам кампанія спрабуе "паказаць карыстальнікам на больш аўтарытэтныя крыніцы на фоне распаўсюджвання ў сеціве лжывай інфармацыі пра каранавірус, вакцыны і іншыя тэмы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут