Выказваем заклапочанасць: прэзідэнт з народа, дарагая кава і $100 за прышчэпку

30/07/2021 - 15:20
Вельмі кароткі агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Некаторыя сусветныя навіны адбываюцца зусім далёка, яны не ў сілах закрануць струн вашай душы. А іншыя максімальна зразумелыя: напрыклад, цэны на каву растуць, а кавід-дысідэнты настолькі стамілі некаторыя ўрады, што там ужо прапануюць плаціць за вакцынацыю.
 

Прэзідэнт без палаца

Вам падабалася, калі прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд ездзіў на працу на ровары? Тады вам дакладна спадабаецца новы прэзідэнт Перу Пэдра Кастылья. Былы школьны настаўнік і прафсаюзны актывіст, ён адмовіўся кіраваць з прэзідэнцкага палаца і перадаў яго Міністэрству культуры.

Перамагчы карупцыю, утаймаваць манаполіі і накіраваць больш грошай на ахову здароўя і адукацыю — вось планы Кастылья.

"Няма больш бедных у багатай краіне", — з такім лозунгам Кастылья прыйшоў да ўлады. Гэта не датычыцца, здаецца, толькі яго самога: новы прэзідэнт плануе працягваць жыць на зарплату звычайнага школьнага настаўніка. І нават на прысягу ён прыйшоў у сваім любімым традыцыйным капелюшы, плеценым з белай саломы.

Як Байдэн угаворвае прышчапіцца

Памятаеце, як у Маскве разыгрывалі машыну сярод вакцынаваных? А ў Падмаскоўі — кватэру? Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пайшоў далей.

Ён заклікаў штаты прапаноўваць тым, хто вакцынаваўся, 100 долараў. У ЗША сур'ёзная праблема: колькасць заражаных расце, а вакцынуюцца ўсё менш. І ўсё гэта на фоне распаўсюджвання штама "Дэльта", які называюць "каранавірусам на стэроідах". А СNN піша са спасылкай на неабнародаваныя дакументы, што гэты штам распаўсюджваецца гэтаксама лёгка і хутка, як ветраная воспа.

Байдэн разумее, што грашовае стымуляванне можа засмуціць тых, хто ўжо прышчапіўся і зрабіў гэта бясплатна. Але прэзідэнт ЗША тлумачыць: калі мы зможам вакцынаваць як мага больш людзей, мы ўсе выйграем.

 

Вас абмяжоўвае вірус, а не правілы

Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла назваў вакцынацыю "маральным і грамадзянскім абавязкам" і нагадаў, што пандэмія яшчэ не ў мінулым.

З 5 жніўня для таго, каб сядзець за столікамі ў рэстаране, хадзіць на канцэрты, выставы, буйныя мерапрыемствы, трэба будзе мець спецыяльны пропуск, які сведчыць аб вакцынацыі.

Каранаскептыкам і ўдзельнікам дэманстрацый пратэсту адказаў прэзідэнт рэгіёна Венета. Ён выказаў здагадку, што, калі б цяпер вынайшлі пеніцылін, людзі б сказалі, што не маюць намеру ўколваць сабе цвіль.

Але маніфестацыі супраць кавід-пропускаў прайшлі не толькі на вуліцах, але і ў парламенце! Каля дваццаці сябраў апазіцыйнай партыі скандавалі і трымалі над сабой плакаты, а іншыя дэпутаты сустрэлі гэтую акцыю крыкамі "Ганьба!".

Адкажам ім словамі італьянскага прэзідэнта: свабоду абмяжоўвае вірус, а не правілы.

Кава даражэе

Такіх моцных маразоў Бразілія не ведала ўжо 25 гадоў. А мы не ведалі такіх высокіх цэн на каву: на сусветных рынках цэны на бабы дасягнулі шасцігадовага максімуму, піша Wall Street Journal.

Да таго як у Бразілію прыйшлі маразы, ураджай знішчала засуха.

І гэта не адзіны прыклад таго, як клімат уплывае на цэны па ўсім свеце. На мінулым тыдні пасля лясных пажараў у ЗША пад пагрозай апынуліся пастаўкі драўніны і цэны на піламатэрыялы падскочылі. А паводка ў Еўропе спыніла пастаўкі тавараў па Рэйне, які быў прамысловай магістраллю.

Раней змяненне клімату было далёка і адбывалася не з намі. Але рост цэн на каву — што можа быць больш блізка і зразумела?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі