Выдача пашпартоў “Новай Беларусі” можа пачацца ў пачатку 2024 года

07/09/2023 - 07:33

Так будзе выглядаць пашпарт "Новай Беларусі" / Еўрарадыё

Выдача пашпартоў “Новай Беларусі” можа пачацца ў пачатку 2024 года. Такое спадзяванне ў эфіры "Голасу Амерыкі" выказаў дарадца кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

"Дызайн ужо ўзгоднены. Мы працуем з Еўракамісіяй, каб ён адпавядаў стандартам — гэта тычыцца біяметрыі і бяспекі, — кажа Вячорка. — Друкаваць дакументы будзе фірма, якая друкуе іх дзясяткам краін па ўсім свеце і якая мае велізарны аўтарытэт. Наша задача на палітычным узроўні будзе дамагчыся прызнання. Юрысдыкцыя тут нацыянальная. У кожнай краіне рознае заканадаўства, што датычыць прызнання такіх дакументаў. Таму будзем весці перамовы з кожнай краінай паасобку. Ёсць ужо дзве дзяржавы, якія папярэдне заявілі, што гатовыя будуць першымі яго прызнаць".

Па словах Вячоркі, выдаваць гэтыя дакументы будзе пашпартны стол. Мяркуецца, што яго створаць Аб'яднаны пераходны кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай. Падача дакументаў будзе ажыццяўляцца праз стандартныя візавыя цэнтры, якія збяруць даныя заяўнікаў і правядуць працэдуру верыфікацыі.

Цяпер адбываецца выраб першых узораў пашпартоў, якія будуць адпраўлены ў краіны Еўрасаюза і па ўсім свеце ў чаканні іх рэакцыі. 

З 7 верасня пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога грамадзяне Беларусі, якія жывуць у іншых краінах, не могуць атрымліваць новыя пашпарты ў дыппрадстаўніцтвах РБ. Для гэтага ім трэба ехаць у Беларусь, а гэта звязана з рызыкай затрымання. Пашпарты "Новай Беларусі" — выхад з гэтай сітуацыі для палітуцекачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі