Вясковая махлярка ўгаварыла знаёмых узяць для яе 17 крэдытаў

06/04/2016 - 17:12

Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці пачало крымінальную справу на 42-гадовую жыхарку Пастаўскага раёна. Жанчыну падазраюць у махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры.

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, на працягу 2014 і 2015 гадоў жанчына прасіла сваіх знаёмых аформіць на іх імя крэдыт, а атрыманыя ў банку грошы перадаць ёй. Жанчына абяцала, што сама будзе плаціць па банкаўскіх крэдытах, але насамрэч не збіралася гэта рабіць. Пра тое, што сумы па крэдытах не выплачваюцца па некалькі месяцаў, пацярпелыя даведваліся з апавяшчэнняў, якія дасылалі ім з банкаў.

Следчыя кажуць пра 17 фактаў злачыннай дзейнасці. У справе фігуруюць 14 пацярпелых. Агульная сума шкоды ацэньваецца больш як на 250 млн рублёў.

Усе пацярпелыя былі добра знаёмыя з махляркай, большасць працавала з ёй на адным сельскагаспадарчым прадпрыемстве і жыла ў адным населеным пункце. Адным яна распавядала, што знаходзіцца ў складаным матэрыяльным становішчы, іншым — што грошы ёй неабходныя для дапамогі дзецям.

Зараз следчыя шукаюць іншых пацярпелых ад дзеянняў махляркі.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі