Вярхоўны суд вырашыў, што гімназіст Данат Скакун застанецца за кратамі

19/09/2017 - 11:03

19 верасня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разгледзіла апеляцыю па справе аб нападзе на настаўніцу мінскай гімназіі № 74. Працэс праходзіў за зачыненымі дзвярыма некалькі гадзін. У зале суда прысутнічалі адвакаты і бацька абвінавачанага а таксама адвакатка пацярпелай настаўніцы. Валянціны Губарэвіч, як і Даната Скакуна на паседжанні не было.

На агучванне рашэння былі запрошаны журналісты. Гімназіст Данат Скакун застанецца за кратамі. Ранейшы прысуд не быў зменены. Скаргі адвакатаў і сям'і хлопца не задаволеныя. Прысуд уступіў у сілу.

У красавіку 2017 года Данат Скакун быў прызнаны вінаватым у нападзе на настаўніцу і асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў выхаваўчай калоніі. Такое рашэнне вынес Мінскі гарадскі суд. Напад адбыўся 23 траўня 2016-га. Паводле афіцыйнай версіі, дзевяцікласнік раніцай зайшоў у клас, у якім была толькі адна 57-гадовая настаўніца рускай мовы. Ёй хлопец нанёс шматлікія ўдары вострым і тупым прадметамі. Сябры і сваякі Даната з прысудам не згодныя, звяртаюць увагу на шматлікія нестыкоўкі ў крымінальнай справе. Следчы камітэт паабяцаў агучыць сваю пазіцыю пасля таго, як прысуд набудзе законную сілу.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі