Вярхоўны суд пакінуў вырак па справе "банды Молнара" без змены

17/11/2017 - 11:18

17 лістапада судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыю на прысуд па справе так званай "банды Молнара". Як перадае БЕЛТА, прысуд Магілёўскага абласнога суда пакінуты без змены, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.

Суд па гэтай справе пачаўся ў сакавіку 2017-га і быў закрытым. 53-гадовага ўраджэнца Бабруйска Сяргея Молнара і яго "падзельнікаў" прызналі вінаватымі ў стварэнні злачыннай арганізацыі, у кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй і ўдзеле ў ёй, а таксама іншых злачынствах.

Магілёўскі абласны суд асудзіў Молнара на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, тэрмінам на 5 гадоў і пазбаўлены права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў. Астатнія 29 абвінавачаных атрымалі ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі. У фігурантаў у тым ліку канфіскаваныя ювелірныя вырабы.

Пракурор аддзела Генпракуратуры Алег Буйлянкоў патлумачыў журналістам, што на збор доказаў па гэтай справе спатрэбіліся месяцы і гады. "Можна сказаць, што ў гэтым дзесяцігоддзі гэта дастаткова буйная і сур'ёзная злачынная арганізацыя, якая існавала на тэрыторыі Беларусі і была выяўленая і адпаведна прыцягнута да крымінальнай адказнасці за тыя злачынствы, якія былі даказаныя", — канстатаваў пракурор.

Буйлянкоў падкрэсліў, што незаконныя метады ўздзеяння на ўсіх удзельнікаў крымінальнай справы не дапускаліся. "Заявы, якія рабіліся абвінавачанымі ці іншымі асобамі, адпаведна правяраліся, ім давалася ацэнка і судом, і тымі асобамі, якія праводзілі праверку", — матлумачыў ён.

Паводле суда, "банда Молнара" здзяйсняла цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы ў Магілёўскай вобласці з 2009 па 2014 год. На судовым працэсе былі разгледжаныя больш за 100 тамоў крымінальнай справы, па якой праходзіла больш за 500 пацярпелых. У матэрыялах фігуравалі больш за 80 эпізодаў злачыннай дзейнасці. Паведамляецца, што фігуранты справы займаліся рэкетам, разбоем, махлярствам, чорным рыэлтарствам, вымагальніцтвам, выкраданнем людзей.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі