Восем краін ЕС заклікаюць забараніць уезд былых вайскоўцаў РФ у Шэнгенскую зону

13/03/2026 - 18:06

Вайскоўцы

Восем краін звярнуліся да кіраўніцтва Еўрасаюза з заклікам забараніць уязджаць у ЕС расіянам, якія ваявалі ў расійскім войску, звярнула ўвагу hromadske.ua.

Да прэзідэнта Еўрасавета Антоніу Кошты і прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен звярнуліся кіраўнікі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Швецыі, Германіі, Польшчы і Румыніі. Яны падкрэслілі пагрозу, якую ўяўляюць расійскія вайскоўцы.

"Мы лічым, што адной з самых сур'ёзных рызык цяпер з'яўляецца патэнцыйнае перамяшчэнне былых і дзейных расійскіх вайскоўцаў у Шэнгенскую зону. Любы ўезд такіх асоб можа мець сур'ёзныя наступствы для бяспекі ўсіх дзяржаваў-чальцоў. Таму тэрмінова патрабуюцца рашучыя і скаардынаваныя дзеянні, каб прадухіліць негатыўныя наступствы", — падкрэсліў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў сваім допісе ў сацсетцы Х.

Першай ініцыятыву забараніць уезд расійскіх вайскоўцаў у Шэнгенскую зону агучыла Эстонія. У краіне падлічылі, што ў вайне Расіі супраць Украіны прынялі ўдзел каля 1,5 мільёна расейцаў. І амаль мільён з іх, паводле ацэнак Эстоніі, дагэтуль могуць бесперашкодна ўязджаць у Еўрасаюз. У магчымым прыездзе былых расійскіх байцоў яны бачаць пагрозу не толькі росту злачыннасці, але і небяспеку ўзнікнення "сур'ёзнага канала для пранікнення арганізаванай злачыннасці, экстрэмісцкіх рухаў і варожых дзяржаўных аперацый па ўсёй Еўропе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі