Вольгу Брыцікаву зноў судзілі, агулам яна правядзе за кратамі 75 сутак

27/04/2022 - 18:17

Старшыню незалежнага прафсаюза на "Нафтане" Вольгу Брыцікаву зноў судзілі. На гэты раз яе пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за "несанкцыянаванае пікетаванне". Справу ў сераду разглядаў Наваполацкі гарадскі суд (суддзя — Зінаіда Балаболава), паведамляюць праваабаронцы.

Брыцікава ўжо два месяцы за кратамі. Яе затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасавання на рэферэндуме. Жанчыну абвінавацілі ў фатаграфаванні бюлетэня. Прысуд — 15 сутак арышту. Аднак ужо праз некалькі дзён асудзілі паўторна, на гэты раз за надпісы на куртцы "Не вайне!". У трэці раз падставай для суда сталі паперкі з надпісамі "Не вайне!" на вокнах кватэры. Падставай для чацвёртага суда стаў пост "Не вайне!" ў Instagram.

Кожны раз Брыцікавай прызначалі пакаранне ў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Агулам яна правядзе за кратамі 75 сутак.

Вольга Брыцікава працавала начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў на "Нафтане". У жніўні 2020-га яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі праходзіў сход працоўных з удзелам тагачаснага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Церцеля (цяпер — старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў.

У канцы 2020-га Вольгу Брыцікаву звольнілі, у 2021 годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюза на "Нафтане".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі