Вольгі Кавальковай не будзе ў Каардынацыйнай радзе 3-га склікання

28/04/2024 - 10:34

Вольга Кавалькова / Еўрарадыё

Вольга Кавалькова не вылучаецца ў Каардынацыйную раду наступнага, 3-га па ліку склікання. Еўрарадыё не знайшло яе ні ў адным з 12 спісаў, прынятых выбарчай камісіяй.

Кавалькова ўдзельнічае ў працы Каардынацыйнай ад самага пачатку, уваходзіла ў прэзідыюм першага складу КР. Аднак пасля фільма "За грошы так", які паказалі па АНТ, узнікла ініцыятыва выключыць яе з ліку дэлегатаў. У прапагандысцкім кіно палітык абмяркоўвала калегаў з падстаўной "памочніцай расійскага мецэната" і зацікавілася перспектывай фінансавай падтрымкі з Расіі.

Далей Кавалькова заявіла, што ў выпадку выключэння з КР вернецца ў Беларусь. Еўрарадыё гэта пацвердзілі двое іншых дэлегатаў, якія прысутнічалі на тым пасяджэнні, хаця сама яна адмаўляе, што казала нешта падобнае, называе гэта хлуснёй і суб'ектыўнай інтэрпрэтацыяй.

Надоечы прайшло чацвёртае паседжанне Выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады. Падчас яго былі зацверджаныя дванаццаць спісаў кандыдатаў у новы склад гэтай структуры, якая выконвае ролю беларускага "протапарламента".

Галасаваць за дэлегатаў можна як з-за мяжы, так і з Беларусі. За бяспеку выбарцаў будзе адказваць каманда Паўла Лібера — стваральніка праектаў "Голас" і "Новая Беларусь".

Вынікі выбараў у Каардынацыйную раду плануюць абвесціць 8 чэрвеня, а 15-га — правесці першае паседжанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі