Узор паху / polskieradio.pl
У Нацыянальнай мастацкай галерэі "Захента" адкрылася выстава "Дэсенсібілізацыя" мастачкі Каралiны Гжывновіч. Яна прысвечаная міграцыйнаму крызісу на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам.
У цэнтры кампазіцыі знаходзіцца інсталяцыя, распрацаваная сумесна з доктарам Памелай Далтан з Цэнтра хімічных адчуванняў Монэла ў Філадэльфіі, піша "Польскае радыё".
Польская мастачка і амерыканская даследчыца ўзнавілі "пах падарожжа". Ён уяўляе сабой сумесь картызолу, лясной вільгаці і мокрага адзення, якое бежанцы не маюць магчымасці высушыць ці пасціраць.
Узноўлены аромат змешчаны ў шкляныя пасудзіны, яны ўсталяваны на пакрытых імхом валунах, прывезеных з лесу, у якім мігранты пакутавалі ад пераахалоджвання і знясілення.
На выставе таксама паказваюць фільм, у якім задакументаваны эксперымент: сабаку-следапыта спачатку вучаць распазнаваць пах, а потым узнагароджваюць за тое, што ён гэты пах ігнаруе. Гэты працэс называецца дэсенсібілізацыяй, і так называецца сама выстава. Гэта адсылка мастачкі да грамадскай абыякавасці да пакут мігрантаў.
У экспазіцыю таксама ўключаны работы, знятыя з дапамогай цеплавізара ў лесе. На іх відаць, як уначы тэмпература апускаецца амаль да нуля градусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут