Водазабеспячэнне ў Мінску аднавілі, але людзі скардзяцца на якасць вады

27/09/2024 - 06:54

Якасць вады пакідае жадаць лепшага, ілюстрацыйнае фота. / pixabay.com

Водазабеспячэнне раёнаў Мінска, якія ўчора засталіся без вады, поўнасцю адноўлена, піша БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Вада знікла напярэдадні ў Кастрычніцкім, Заводскім і Ленінскім раёнах Мінска. Работнікі ЖКГ гаварылі аб тым, што "у сістэме водазабеспячэння назіраецца зніжэнне ціску, адсутнасць і пагаршэнне якасці вады". Да бальніц, размешчаных у гэтых раёнах, быў арганізаваны падвоз вады. Пазней стала вядома, што праблемы ўзніклі з-за аварыі на магістральным вадаводзе. Была пашкоджана труба дыяметрам метр.

Яшчэ ўчора ўвечары у раёне 23.30 пашкоджанне было лакалізавана, заявілі камунальнікі. А ў 00.15 пятніцы вада пачала паступаць у кватэры. Аднак, паводле звестак Мінгарвыканкама, людзі скардзяцца на дрэнную якасць вады.

"Паводле інфармацыі Мінскводаканала, пасля аднаўлення водазабеспячэння аварыйнымі брыгадамі прадпрыемства неадкладна арганізавана прамыванне асобных участкаў сетак водазабеспячэння", — заявілі чыноўнікі. Яны запэўніваюць, што ідзе пастаянны маніторынг "якасці з правядзеннем рэгламентальных работ", і што "праблема будзе вырашана".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі