Вінаватым у гібелі дзіцяці ў Кобрынскім аквапарку далі 3,5 гады “хатняй хіміі”

10/11/2015 - 13:42

Суд Кобрынскага раёна 10 лістапада вынес вердыкт па справе аб гібелі школьніцы ў аквапарку Кобрына. У якасці абвінавачаных праходзілі дзве настаўніцы Завершскай базавай школы Драгічынскага раёна. Абедзвюм жанчынам далі па 3,5 гады “хатняй хіміі” — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Таксама ім забаронена працаваць на пасадах настаўнікаў і выхавацеляў ва ўстановах адукацыі тэрмінам да 5 год.

Апроч таго, абвінавачаныя павінны будуць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь. Таксама суд прызнаў права за бацькамі загінулай дзяўчынкі на задавальненне пазову аб спагнанні кампенсацыі за маральную шкоду.

Абедзве настаўніцы прызналі сваю віну, перадае БЕЛТА.

Няшчасны выпадак адбыўся 12 чэрвеня падчас экскурсіі, арганізаванай для 20 вучняў Завершскай базавай школы і выхаванцаў летніка. Дзіцячую групу суправаджалі двое настаўніц. Па версіі следства, дарослыя не выканалі сваіх абавязкаў, пакінуўшы сямігадовую школьніцу без нагляду. Дзяўчынка не ўмела плаваць. Дзіця дастаў з вады наведнік аквапарка, калі яна ўжо была ў стане клінічнай смерці. Нягледзячы на высілкі медыкаў, школьніца памерла 26 чэрвеня.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі