19-гадовая віцяблянка пасля знаёмства з хлопцам засталася без чатырох залатых вырабаў на суму больш як 3000 рублёў, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
Дзяўчына пазнаёмілася з ім у сацсетцы і актыўна кантактавала. Праз нейкі час мужчына паведаміў, што ў яго ёсць хворае дзіця, якому патрэбныя сродкі для лячэння. Каб здабыць грошы, дзяўчына па парадзе новага знаёмага здала ў ламбард залатыя ўпрыгажэнні.
Потым мужчына папрасіў, каб віцяблянка аформіла на сябе куплю дарагога тэлефона. Пасля гэтага ён забраў дарагі гаджэт.
Праз пэўны час парачка стала сустракацца радзей, і дзяўчына захацела вярнуць грошы і ўпрыгажэнні, аднак нічога не атрымалася. Тады яна звярнулася ў міліцыю.
Праваахоўнікі высветлілі, што неаднаразова судзімы 27-гадовы мужчына сапраўды мае дзіця, але дапамога медыкаў яму не патрэбная. Атрыманыя ад дзяўчыны грошы ён выдаткоўваў на сябе.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за махлярства. Праваахоўнікі мяркуюць, што ахвяраў у мужчыны магло быць больш. Тых, хто мае якую-небудзь інфармацыю пра незаконную дзейнасць падазраванага, просяць паведаміць па тэлефонах +375 33 345 35 33 альбо 102.