Вераніку Цапкала і Вольгу Карач асудзілі завочна на 12 гадоў

08/07/2024 - 16:45

Фігуранты "справы пяці" / spring96.org

Па 12 гадоў пазбаўлення волі прысудзіў Брэсцкі абласны суд завочна пяці фігурантам крымінальнай справы. Гаворка ідзе пра Яўгена Вільскага, Вадзіма Дзмітранка, Вольгу Карач, Анатоля Котава, Вераніку Цапкала, паведамляе пракуратура.

Працэс вёў суддзя Андрэй Лешчанка.

Акрамя завочна прысуджаных тэрмінаў Котаву і Карач прызначылі штрафы ў 15 000 базавых (600 000 рублёў), Вільскаму і Дзмітранку — у 12 000 і 11 000 базавых адпаведна (480 000 і 440 000 рублёў), Цапкала — 1000 базавых (40 000 рублёў).

Фігурантам справы выставілі абвінавачанне паводле пяці артыкулаў — "змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч. 1 арт. 357 КК), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК), "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" (арт. 369-1 КК) і "паклёп на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК).

Завочныя суды рэжым Лукашэнкі ладзіць над палітычнымі апанентамі, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Апошнім часам прапагандысты падкрэсліваюць, што з дапамогай такіх судоў плануецца забраць маёмасць у палітэмігрантаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі