Ваенкам Гомельскага раёна пракаментаваў палёт дрона над горадам

26/02/2026 - 12:42

Дрон, ілюстрацыйнае фота / mil.in.ua

Палёты дрона над Гомелем тлумачацца правядзеннем заняткаў. Пра гэта заявіў ваенны камісар Гомельскага раёна Аляксандр Пазнякоў у адказ журналісту "Зеркала", які затэлефанаваў пад выглядам звычайнага грамадзяніна.

Пра палёт беспілотніка над Гомелем стала вядома зранку 26 лютага. Жыхары розных раёнаў горада заўважылі ў небе дрон, падобны да расійскага "шахеда", а потым за ім з'явіўся верталёт.

— Гэта заняткі ідуць, — адказаў ваенны камісар.
— Нашы нешта запускаюць? — удакладніў журналіст.
— Так.
— Гэта будзе ўвесь дзень? Калі гэта скончыцца?
— Не хвалюйцеся, усё ў парадку.
— Гэта значыць, вы ведаеце, усё пад кантролем?
— Так-так-так.

Папярэдне гомельскія ўлады не папярэджвалі гараджан пра палёты авіяцыі ці вучэнні з выкарыстаннем беспілотнікаў. Пры гэтым у тг-канале гомельскага ўпраўлення ідэалогіі з'явілася папярэджанне з пагрозай, што фота- і відэаздымкі вайсковай тэхнікі могуць пагражаць крымінальнай адказнасцю.

Акрамя таго, у ноч на 26 лютага Расія масіравана атакавала Украіну з выкарыстаннем амаль 40 ракет розных тыпаў і больш як 400 ударных дронаў "шахед". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі