Ва Украіне забараняюць УПЦ Маскоўскага патрыярхату / ssu.gov.ua
Уладзімір Зяленскі ўвёў у дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны пра забарону дзейнасці рэлігійных арганізацый, афіляваных з цэнтрамі ўплыву ў Расіі, перадае hromadske.ua. Гэта датычыць у першую чаргу Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ), падпарадкаванай Маскоўскаму патрыярхату.
Як тлумачылі ў СНБА, такі крок неабходны ва ўмовах расійскай агрэсіі, каб не дапусціць рэлігійнага расколу ў грамадстве, паспрыяць кансалідацыі ўкраінскага грамадства і абароне нацыянальных інтарэсаў.
Цяпер цягам двух месяцаў урад павінен ўнесці на разгляд у Вярхоўную раду законапраект, які забараняе ва Украіне дзейнасць рэлігійных арганізацый, падпарадкаваных Расіі.
У гэты ж тэрмін рад павінен праверыць прававыя падставы і ўмовы выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка.
Служба бяспекі Украіны разам з Нацыянальнай паліцыяй ды іншымі дзяржаўнымі органамі павінны выяўляць падрыўную дзейнасць расійскіх спецслужбаў у рэлігійным асяроддзі Украіны.
Апошнім часам сілавыя структуры Украіны праводзяць праверкі цэркваў УПЦ Маскоўскага патрыярхату. Сярод іншага там знаходзяць мноства агітацыйнай літаратуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут