Вада ў Дзяржынску / dzr.by
У жыхароў Дзяржынска некалькі дзён з кранаў ідзе брудная вада. Прычыну гэтага журналістам раённай дзяржаўнай газеты патлумачыў галоўны інжынер водаканала Дзяржынскага раёна Аляксей Чайкоўскі.
1 кастрычніка спецыялісты водаканала перападключылі спажыўцоў са старой цэнтральнай сеткі вадаправода на новую. Работы вяліся адначасова ў пяці пунктах горада. Пры запуску абноўленай стсэмы спатрэбілася адначасова падаць больш за 2000 кубаметраў вады.
"Такі значны аб'ём справакаваў узнікненне гідраўдараў — рэзкіх перападаў ціску ў трубаправодах. Гэта ў сваю чаргу прывяло да натуральнага ўзмучвання донных адкладаў і вымывання шматгадовага асадку з памежных участкаў дзейных сетак. Менавіта гэтыя працэсы і сталі прычынай змены колеру і празрыстасці вады ў часткі абанентаў", — заявіў Чайкоўскі.
На водаканале кажуць, што спецыялісты ўжо займаюцца тэхналагічным прамываннем закранутых участкаў водаправода.
А жыхарам Дзяржынска рэкамендуюць выкарыстоўваць ваду для піцця толькі пасля адстойвання і кіпячэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут