Апеляцыйны суд Львова забараніў партыю "Апазіцыйная платформа — За жыццё". Яе прызналі прарасійскай. Уся маёмасць пераходзіць дзяржаве, паведамляе hromadske.ua. Рашэнне можна яшчэ абскардзіць у Вярхоўным судзе, але малаверагодна, што яго адменяць.
"Апазіцыйная платформа — За жыццё" стала дзясятай партыяй, забароненай судом ва Украіне. Усе яны называюцца прарасійскімі (іх дзейнасць забаронена ва Украіне прэзідэнцкім указам ад 14 траўня 2022-га).
Лідарам "Апазіцыйнай платформы — За жыццё" быў ўкраінскі алігарх, палітык, "кум Пуціна" Віктар Медзвядчук. Цяпер ён знаходзіцца за кратамі ў Кіеве, абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе. Яго партыя ў даваенны час была сярод лідараў сацыялагічных апытанняў. Аднак вайна ўсё змяніла. У Вярхоўнай Радзе партыйная фракцыя даўно не існуе. Частка яе членаў стварылі новае аб'яднанне. Сярод партыйных актывістаў на ўсходзе і поўдні Украіны знайшліся здраднікі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з акупантамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут