89% пацверджаных выпадкаў сексуальнага гвалту ў вайне ва Украіне звязаныя з Расіяй

19/09/2026 - 15:32

Вайна ва Украіне / ДСНС Кіева

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека задакументавала 1004 выпадкі сексуальнага гвалту, звязанага з вайной ва Украіне, з 24 лютага 2022 года па канец ліпеня 2026 года, піша BILD.

У 89% выпадкаў адказнасць ускладзеная на прадстаўнікоў расійскіх уладаў: вайскоўцаў, супрацоўнікаў ФСВП і ФСБ. Яшчэ 11% выпадкаў ААН звязвае з украінскім бокам, у тым ліку з вайскоўцамі, пенітэнцыярнай службай і супрацоўнікамі СБУ.

У дакладзе гаворыцца пра масавы сексуальны гвалт над украінскімі ваеннапалоннымі і затрыманымі грамадзянскімі асобамі на акупаваных тэрыторыях і ў Расіі. ААН зафіксавала згвалтаванні, у тым ліку групавыя, пашкоджанні палавых органаў, удары і катаванні электрычным токам.

Самай малодшай задакументаванай ахвярай згвалтавання стала чатырохгадовая дзяўчынка, самай старэйшай — 82-гадовая жанчына. Абодва гэтыя злачынствы ААН прыпісвае расійскаму боку.

У ААН падкрэсліваюць, што 1004 выпадкі — толькі частка рэальнага маштабу гвалту: шмат эпізодаў застаюцца незаяўленымі, а Расія не дае місіі доступу да акупаваных тэрыторый і людзей, якіх там утрымліваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі