Ва Украіне кіраўніку беларускай кампаніі пагражае да трох гадоў абмежавання волі

12/04/2023 - 18:57
Беларуса падазраюць у наўмысным пазбяганні сплаты падаткаў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Ва Украіне паведамілі пра падазрэнне грамадзяніну Беларусі Сяргею Краўчанку, які кіраваў кампаніяй "Сервіс Ойл". Гэта прадпрыемства "Беларуснафты", якое ва Украіне аказвала паслугі ў сферы здабычы нафты і прыроднага газу. Следчыя падазраюць беларуса ў наўмысным пазбяганні сплаты падаткаў, у выніку чаго дзяржаўны бюджэт Украіны недаатрымаў 60 мільёнаў грыўняў, паведамляе Радыё Свабода.

Паводле дакументаў, у 2017-2020 гадах кампанія "Сервіс Ойл" пералічыла на рахункі "Беларуснафты" больш за 400 мільёнаў грыўняў (11 млн долараў) за арэнду абсталявання, дакладна ведаючы, што з гэтых сродкаў мусілі сплаціць яшчэ і 15% падатку на прыбытак замежных юрыдычных асоб.

За пазбяганне сплаты падаткаў і службовую падробку афіцыйных дакументаў Краўчанку пагражае да трох гадоў абмежавання волі.

Сяргея Краўчанку планавалі выпусціць пад заклад у памеры нанесенай шкоды (прыкладна 1,6 мільёна долараў). Аднак суд зменшыў памер закладу да 5,8 тысячы долараў. Пракуратура заявіла, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне.

Летась ва Украіне арыштавалі карпаратыўныя правы кампаніі "Сервіс Ойл" на суму амаль 4 мільярды грыўняў (110 мільёнаў долараў). Была арыштаваная ўся яе маёмасць на дзясяткі мільёнаў долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі