Ва Украіне арыштавалі актывы яшчэ аднаго беларускага прадпрыемства

16/06/2022 - 11:10

Ва Украіне арыштавалі актывы яшчэ аднаго беларускага прадпрыемства (яго назва не называецца) на 4 млрд грн (гэта каля 136 млн долараў). Пра гэта паведамляе Офіс украінскага генпракурора. Падольская акруговая пракуратура Кіева "арыштавала карпаратыўныя правы прадпрыемства-рэзідэнта РБ у выглядзе статутнага капіталу ў памеры амаль 1 млрд грн". Арыштаваная і маёмасць (нерухомая і рухомая) з прыблізным коштам 3 млрд грн.

Крымінальная справа распачата па фактах "фінансаванне дзеянняў, учыненых з мэтай гвалтоўнага змянення або звяржэння канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, змены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Украіны і злоўжывання паўнамоцтвамі юрыдычнай асобай".

Згаданае беларускае прадпрыемства дзейнічае на тэрыторыі Украіны і аказвае паслугі ў сферы здабычы нафты і прыроднага газу. Пры гэтым "выкарыстоўвае абсталяванне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Беларуснафта".

Украінскія праваахоўнікі падчас даследавання дзейнасці прадпрыемства шукаюць факты "магчымага спрыяння РФ падчас падрыхтоўкі і правядзення агрэсіўнай вайны супраць Украіны".

Напярэдадні стала вядома, што ва Украіне арыштавалі актывы беларускай паліўнай кампаніі. Па версіі СБУ, яна датычная да фінансавання агрэсіі Расіі.

Пасля пачатку расійскай агрэсіі Украіна арыштавала маёмасць Беларусі і РФ на 1 мільярд долараў. Нядаўна ў Мінску прызналі "істотныя страты для эканомікі".

Арыштаваная маёмасць / gp.gov.ua

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі