Ва Украіне адказалі наконт навучання беларусаў у школах і ўніверсітэтах

06/11/2026 - 18:05

Студэнцкая аўдыторыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускія дзеці, як і ўсе дзеці ва Украіне, могуць бясплатна атрымаць сярэднюю адукацыю ў дзяржаўнай ці камунальнай школе. Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка міністра адукацыі Украіны Івана Юрыйчука на запыт прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Баркоўскага.

Міністэрства таксама падтрымала імкненне беларускай моладзі вучыцца з дапамогай анлайн-платформаў і адукацыйных праграм, але не адказала, ці атрымаюць такія дзеці ўкраінскі атэстат.

Пры гэтым украінскае заканадаўства не мае працэдуры акрэдытацыі замежных школаў. У Мінадукацыі кажуць, што школы за межамі Украіны працуюць у адпаведнасці з законамі краіны свайго размяшчэння. Магчымасць сумесных навучальных праграм і прававыя ўмовы для акрэдытацыі беларускамоўных анлайн-школ яшчэ трэба абмеркаваць падчас кансультацый.

Ва ўніверсітэты грамадзяне Беларусі паступаць могуць. Але абітурыентам без пастаяннага ДНЖ патрэбны індывідуальны дазвол міністэрства. Ён патрэбны нават пры наяўнасці часовага ДНЖ. Індывідуальны дазвол не патрэбны толькі тым беларусам, якія абаранялі Украіну і атрымалі статус удзельніка баявых дзеянняў, а таксама іх дзецям.

Магчымасць навучацца за бюджэтны кошт залежыць ад прававога статусу абітурыента і іншых умоваў, прадугледжаных заканадаўствам. Пытанні арганізацыі навучання і пражывання вырашаюць самі ўніверсітэты.

У АПК кажуць, што далейшыя кансультацыі плануецца працягнуць пры пасярэдніцтве амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Украіны ў справах Беларусі Яраслава Чарнагора.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі