"Уваскрослы" Аркадзь Бабчанка напісаў пра сваё жыццё "у бункеры"

24/06/2018 - 13:35

"Уваскрослы" Аркадзь Бабчанка напісаў пра сваё жыццё "у бункеры". Невясёлымі думкамі расійскі журналіст, які жыве ва Украіне, падзяліўся ў Facebook.

У канцы траўня ўкраінскія спецслужбы правялі спецаперацыю, было заяўлена пра забойства невядомым кілерам у Кіеве журналіста Бабчанкі. Праз дзень стала вядома, што ён насамрэч жывы, выбухнуў скандал. СБУ тлумачыла сітуацыю тым, што неабходна было выявіць сувязь арганізатара замаху з яго куратарамі і спонсарамі ў Расіі.

"Змянілася ўсё. Мне цяпер нічога нельга, — піша Аркадзь Бабчанка. — Я не магу выйсці на вуліцу, я не магу сустрэцца з кім хачу, я не магу паехаць куды хачу, я не магу рабіць, што захачу. Я не магу не тое, што пайсці ў кавярню пасядзець з сябрамі — я не магу нават выйсці ў краму. Ежу мне прывозяць. Кожны выхад у горад — гэта спецаперацыя".

Бабчанка жыве пад аховай супрацоўнікаў украінскіх спецслужбаў, можа кантактаваць толькі з абмежаваным колам людзей. Ён лічыць, што расійскія спецслужбы маглі атрымаць доступ да яго гаджэтаў — чытаюць і слухаюць. Паводле яго слоў, група Германа (арганізатара замаху) — не адзіная.

"Нічога не скончылася. Разумееце? — піша Бабчанка. — ...Герман на судзе кажа, што ён арганізатар толькі адной з груп. А ёсць яшчэ і іншыя. Толькі ў Кіеве, па яго словах, каля дзясятка. І гэта надоўга. І гэта — сур'ёзна. Людзі працуюць, бабло сюды заходзіць, зброя заходзіць, да выбараў будуць расхістваць сітуацыю адназначна... Сёння выходны. Вы будуеце планы на ўікэнд. А я сяджу з сям'ёй у бункеры, хаваюся ад наёмных забойцаў".

Журналіст працягвае: "У нас няма нічога. Вось наогул нічога. Сям'ю эвакуявалі з Расіі за дзень да гадзіны Д. [...] і цяпер у нас ёсць толькі тое, што змясцілася ў машыну за адну ходку. Тры валізкі рэчаў. Кватэра, гараж, шмоткі, відэакамера імпартная тры штукі — усё засталося там. У мяне цяпер дзяржаўнае ўсё. Нават відэльцы. На табурэтцы, на якой я пішу гэты пост, стаіць інвентарызацыйны нумар. На мне штаны, у якіх я быў у моргу. Схадзіць у краму купіць новыя я не магу. А дастаўка таксама немагчымая... Учора абзавяліся раздзелачнай дошкай. І тазікам для мыцця. Свята ў сям'і".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі