Уварванне ва Украіну: разрыў з Расіяй, адбітыя населеныя пункты і ахвяры

24/02/2022 - 13:41
Неба над Украінай / Еўрарадыё

Уладзімір Зяленскі сёння раніцай сказаў: Украіну атакуюць не толькі бомбы, але і фэйкі. Важна атрымліваць інфармацыю з вартых даверу каналаў.

Еўрарадыё будзе старацца кожныя некалькі гадзін коратка расказваць вам, што адбываецца ва Украіне і вакол.

 

Украіна разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра разрыў дыпламатычных адносін з Расіяй. Але не з расіянамі: да іх ён звяртаўся ўчора ў сваім вячэрнім звароце, звяртаецца і сёння.

"Я ведаю, што гэтую інфармацыю абсалютна ў вас не пакажуць на тэлеканалах. У сацсетках у вас шмат усяго заблакавана, але заблакаваць гэта зло, гэта жаданне знішчыць нацыю — немагчыма. Заблакаваць гісторыю немагчыма", — прыводзіць словы Зяленскага "Новая газета".

Ён заклікаў усіх расіян, якія "не страцілі сумленне", выйсці на акцыю пратэсту і сказаць сваё "не" вайне з Украінай.

Ён таксама паабяцаў зняць усе санкцыі з грамадзян Украіны, якія са зброяй у руках будуць абараняць сваю краіну. І заклікаў украінцаў стаць донарамі крыві для УСУ.

Лукашэнка зноў хоча ўсіх памірыць

Аляксандр Лукашэнка зноў прапануе мінскія перамовы. Чаму ён мяркуе, што пасля ранішняга ўварвання Украіна можа сесці з Пуціным за стол перамоваў? Таму што, на думку Лукашэнкі, Пуцін не збіраецца акупаваць Украіну. Яму не патрэбны "гэты галаўны боль".

"Мы славяне, тры славянскія народы. Давайце сядзем і вырашым свой лёс на будучыню, назаўжды. Што ёсць асновай гэтага? Я на месцы Зяленскага за гэта б учапіўся".

Сёння ў Лукашэнкі павінна была быць сустрэча з журналістамі. А давялося склікаць вайскоўцаў.

Тым не менш, па словах Лукашэнкі, сюрпрызам для яго гэта раніца не стала. Пуцін нібыта падрабязна "ўвёў яго ў сітуацыю". Зрэшты, мэта аперацыі, якую расійскі прэзідэнт агучыў Лукашэнку, — тая самая, пра якую ён гаварыў у сваім тэлепасланні. Гэта значыць, нібыта спыненне "генацыду" ў Данецкай і Луганскай абласцях.

 

У Крэмль не дазваніцца

Лукашэнка расказаў, што прадстаўнік вайсковага кіраўніцтва Украіны гэтай ноччу тэлефанаваў яму. Але Лукашэнка пераадрасаваў яго ў Генштаб Расіі.

"Ён патэлефанаваў туды? Не патэлефанаваў. Ён, ведаючы, што можа пачацца канфлікт, нават не патэлефанаваў у Маскву", — абураецца Лукашэнка і называе ўкраінца "паскуднікам".

Тым часам літаральна гэтай ноччу Уладзімір Зяленскі расказаў, што спрабаваў звязацца з Крамлём. Але яго пакінулі без адказу.

 

Нас там няма?

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не ўдзельнічае ў ваеннай аперацыі на Данбасе. Як растлумачыць, што на кадрах з камер ДПК відаць, што расійскія войскі ўязджаюць на тэрыторыю Украіны, пакуль няясна.

Пасля таго як у сеціве з'явіліся здымкі тэхнікі, якая ўязджае ва Украіну праз беларускі памежны пераход, з'явіліся і іншыя трывожныя паведамленні. Памежная служба Украіны піша пра верталёт без апазнавальных знакаў, які ляцеў з боку Беларусі і здзейсніў абстрэл. Па папярэдніх звестках, пацярпелых у выніку гэтага абстрэлу няма.

 

Хроніка бою

Хроніку баявых дзеянняў вядзе ўкраінскае Hromadske. Што важна ведаць пра падзеі апошніх некалькіх гадзін.

Ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Ва Умані — горад у Чаркаскай вобласці — снарад трапіў у цэнтральную частку горада, загінуў цывільны, яшчэ пяць чалавек параненыя. У Чугуеве загінула непаўналетняе дзіця.

Памежнікі паведамляюць пра баі ў некалькіх населеных пунктах Херсонскай вобласці. Вядома пра чатырох загінулых памежнікаў.

Генштаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што гарады Марыупаль і Шчасце цалкам вярнуліся пад кантроль Украіны. Цяжкія баі вядуцца на харкаўскім напрамку і на Данбасе.

 

Увага, фэйкі

Ва Узброеных сілах Украіны заявілі, што ў раёне Данецка знішчылі шосты расійскі самалёт. Раней расійскі бок адмаўляў знішчэнне пяці сваіх самалётаў і настойвае, што гэта ўкраінская інфраструктура нясе страты.

Будзьце ўважлівыя, у сеціве з'яўляюцца фэйкі, якія, магчыма, закліканыя дэматываваць праціўніка. Так, напрыклад, у сеціве з'явіўся фэйкавы здымак расійскага танка нібыта на ўездзе ў Харкаў — відавочна, для дэмаралізацыі ўкраінцаў.

Ёсць фэйкі і з іншага боку: так, у сацсетках посцяць здымак падбітага расійскага танка. Танк сапраўдны, толькі фота зроблена сем гадоў таму.

 

"Першая ахвяра вайны — праўда"

Палітолаг Кацярына Шульман нагадвае пра галоўнае: памятайце, што першая ахвяра вайны — праўда. А з ёй і ў мірны час было не вельмі.

— Нягледзячы на ілюзію багацця інфармацыі, на самай справе ніякіх уцямных звестак ні ў кога з нас няма. На вайне першая ахвяра — праўда, а ў нас з ёй і ў адносна мірны час было не вельмі. Зразумелае імкненне выбудаваць для сябе складную карціну таго, што адбываецца, але адна з уласцівасцяў розуму — усведамляць свае абмежаванні. Цяпер лепш ведаць, як Сакрат, што ты нічога не ведаеш. Агульная рамка вялікай бяды ясная, а ўнутры яе — туман вайны.

Прачытайце гэты допіс Шульман.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі