Абломкі ракеты ў Кіеве / Reuters
Міністры абароны НАТА незадаволеныя дзеяннямі Беларусі.
— Мы самым рашучым чынам асуджаем жахлівы напад Расіі на Украіну, які ёсць зусім неапраўданым і несправакаваным... Мы таксама асуджаем Беларусь за падтрымку гэтага нападу, — пішуць у НАТА.
Коратка пра падзеі ва Украіне і вакол яе да гэтай гадзіны — у аглядзе Еўрарадыё.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон звярнуўся да нацыі ў сувязі з расійскай агрэсіяй ва Украіне.
— Адмовіўшыся ад свайго слова, адмовіўшыся ад дыпламатычнага шляху, выбраўшы вайну, прэзідэнт Пуцін не толькі напаў на Украіну, але і вырашыў растаптаць яе суверэнітэт, — заявіў ён.
Макрон падкрэслівае, што ваенная аперацыя супраць Украіны была свядомым выбарам Расіі і ёсць парушэннем Статута ААН і ўсіх міжнародных дамоваў.
— Санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, будуць сувымерныя з агрэсіяй, у якой яна вінаватая.
Пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі будзе прыняты 25 лютага.
Чатыры балістычныя ракеты выпушчаныя з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у паўднёва-заходнім кірунку, паведаміў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Валерый Залужны.
А ў Кіеве аб'яўлена паветраная трывога. Улады заклікаюць людзей схавацца ў бамбасховішчы. Таксама паветраная трывога ў Львове. Туды ў апошнія два тыдні пераязджалі амбасады з Кіева.
Тым часам Байдэн праводзіць сустрэчу з Саветам нацбяспекі па Украіне.
Святлана Ціханоўская з сённяшняга дня бярэ на сябе адказнасць быць прадстаўніцай беларускага народа. Дэмсілы ствараюць пераходны кабінет як нацыянальны орган улады Беларусі.
Праз удзел у нападзе на Украіну Лукашэнка "не можа лічыцца гарантам незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі", заявіла Ціханоўская.
— Я бяру на сябе адказнасць адстойваць незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. Я буду выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта яго правоў і свабод да новых выбараў.
Павел Латушка падтрымаў ініцыятыву Святланы Ціханоўскай.
Пры гэтым Ціханоўская не абвясціла сябе прэзідэнтам. Чаму гэта патрэбны крок і ў чым адрозненне прадстаўніка ад прэзідэнта, у эфіры Еўрарадыё расказаў эксперт па міжнародным праве Серж Харытонаў.
У Таліне акцыя супраць вайны ва Украіне. У Эстоніі і Таліне жыве шмат рускіх.
Акцыя салідарнасці з Украінай каля амбасады Расіі ў Варшаве. Сярод удзельнікаў шмат беларусаў.
Пустая і ачэпленая Красная плошча ў Маскве. У Расіі прайшлі затрыманні людзей, якія выйшлі з пікетамі супраць вайны ва Украіне. Аднак расіяне працягваюць выходзіць на акцыі пратэсту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут