Урад Беларусі перагледзіць прагноз па інфляцыі, але публікаваць яго не будзе

22/04/2022 - 14:16

Урад Беларусі перагледзіць прагноз па інфляцыі на 2022 год, але публікаваць яго не будзе. Пра гэта ў пятніцу пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў.

"Колькі паставіць [у прагнозе] — 9%, 12%, 15%? — кажа Снапкоў. — Усё залежыць не ад унутранай сітуацыі, таму што, калі вы звярнулі ўвагу, унутраную сітуацыю, у тым ліку і спажывецкія цэны, урад досыць актыўна стрымлівае... Уся інфляцыя, якая ў нас цяпер, — знешняя".

Па словах першага віцэ-прэм'ера, інфляцыя выклікана найперш дэвальвацыяй расійскага рубля і павелічэннем сусветных коштаў на харчаванне. "Таму складана спрагназаваць яе ўнутры краіны", — заявіў Снапкоў. Ён падкрэсліў, што павелічэнне пенсій, заробкаў урад і Мінфін будуць разглядаць "з улікам выканання бюджэту".

У сакавіку інфляцыя ў Беларусі вырасла рэкорднымі тэмпамі — да 6,1%, а гадавая — да 15,9%. Паводле планаў, па выніках года інфляцыю ў Беларусі павінны ўтрымаць ў межах 6%.

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка нядаўна прызнаў, што на гэтым этапе інфляцыя застаецца адной з галоўных праблем урада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі