Упершыню на сцэне Купалаўскага паставілі спектакль па п’есе Паўла Пражко

25/01/2019 - 14:33

Упершыню на сцэне Купалаўскага тэатра адбылася пастаноўка па п’есе Паўла Пражко. Галоўны тэатр краіны не адважыўся ставіць Пражко на вялікай сцэне — спектакль “Ураджай” ідзе на камернай сцэне на 4-м паверсе тэатра.

Павел Пражко — адзін з самых вострых драматургаў сучаснай Беларусі. Яго тэксты ставяць у тэатрах па ўсёй постсавецкай прасторы і ў Заходняй Еўропе, аднак дзяржаўныя тэатры Беларусі ігнаруюць п'есы беларускага драматурга. Віной таму спецыфічнасць яго твораў: яны жорсткія, мацерныя, пра самае дно жыцця.

Рэжысёрам выступіў Дзмітрый Цішко, які да гэтага рабіў пастаноўку “Каханне як мілітарызм”, таксама на камернай сцэне. Сцэнаграфіяй і касцюмамі займаўся Андрэй Жыгур.

 

Пра што спектакль?

Чацвёра маладых людзей апынуліся ў восеньскім садзе, на свежым паветры, пасярод багатага ўраджаю яблык. Перад імі стаіць не вельмі складаная задача — сабраць яблыкі ў драўляныя скрыні. Аднак тое, што здаецца лёгкім, на самай справе тоіць у сабе небяспеку. У садзе лётаюць куслівыя пчолы. Раптоўна можа пачацца прыступ астмы. Скрыні для яблыкаў развальваюцца прама ў руках, і яблыкі рассыпаюцца па зямлі. І яны настолькі цвёрдыя, што аж зубы ламаюцца.

Невялікую сцэну ператварылі ў скрыню для яблыкаў. Эдэмскае дрэва, развесіўшы свае фігурна-геаметрычныя галіны, самотна стаіць. Тут і там на сцэне валяюцца яблыкі, якія героі збіраюць, губляюць і спрабуюць з'есці. Хлопцы змагаюцца паміж сабой за аўтарытэт у кампаніі і за ўвагу дзяўчат. Усё заканчваецца добра, героі ядуць яблыкі і задаволена глядзяць на справы рук сваіх.

Больш істотных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ:

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі