Анастасія Лукашэнка, дачка Дзмітрыя Лукашэнкі / Фото из личного архива
Старэйшая дачка Дзмітрыя Лукашэнкі і Ганны Лукашэнка — Анастасія — апошнія 5 гадоў жыве і вучыцца ў Маскве. Яна паступіла на юрыдычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава на кафедру канстытуцыйнага і муніцыпальнага права. Там яна вяла актыўную грамадскую дзейнасць. З 2023 года яна ўваходзіла ў савет добраахвотнай студэнцкай дружыны юрфака МДУ.
Такія звесткі прыводзіць “Бюро” ў сваім новым расследаванні, прысвечаным жыццю Сям’і Аляксандра Лукашэнкі.
Студэнцкая дружына прымае непасрэдны ўдзел у спансіраванні вайны ва Украіне. З 2023 года актывісты дружыны “аказваюць дапамогу ў правядзенні збораў гуманітарнай дапамогі для байцоў, якія знаходзяцца ў зоне СВА”.
Журналісты “Бюро” зафіксавалі і “гуманітарныя” выезды студэнтаў з дружыны ў прыфрантавыя зоны і на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі.
У савеце Анастасія Лукашэнка тры гады займала пасаду кіраўніцы аддзела па працы з замежнымі студэнтамі і дэлегацыямі.
Таксама расследавальнікі “Бюро” ўстанавілі, што ў Маскве Анастасія Лукашэнка знайшла сабе пару. Абраннікам унучкі Лукашэнкі стаў 22-гадовы Дзмітрый Елісееў — ураджэнец Орска Арэнбургскай вобласці Расіі.
Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак у 2021 годзе паступіў на юрыдычны факультэт МДУ на кафедру прадпрымальніцкага права. Тады ж у ВНУ паступіла і Анастасія Лукашэнка.
Вясной 2024 года свае адносіны пара ўжо не хавала. У канцы красавіка 2024-га Анастасія Лукашэнка арганізавала паездку ў Мінск для калег па савеце. У складзе дэлегацыі апынуўся і Елісееў.
Пара не раз пасля гэтага наведвала Беларусь.
У чэрвені 2025 года Анастасія Лукашэнка нанесла візіт у Орск, дзе жыве сям’я яе хлопца.
“Бюро” лічыць, што ў летнія месяцы 2025 года ўнучка Лукашэнкі і Дзмітрый Елісееў зарэгістравалі шлюб. Вывучыўшы фотаздымкі і відэа ў пабліках савета, можна заўважыць, што на безыменным пальцы правай рукі Анастасіі з’явіўся заручальны пярсцёнак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут