Уладзімір Някляеў прысвяціў верш асуджанай журналістцы Кацярыне Андрэевай

18/02/2021 - 13:01

Вядомы паэт Уладзімір Някляеў напісаў верш, прысвечаны асуджанай журналістцы "Белсата" Кацярыне Андрэевай. Твор ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

КАЦЯРЫНЕ АНДРЭЕВАЙ

Гнюсь пануе над краем. Што ж мусіць
З нашым краем зрабіць гэта гнюсь?
Не пакінуць жывой Беларусі,
А змяртвіць, знежывіць Беларусь!

І змярцвела б, быць можа, краіна,
Не жывы не стрывала б цяжар,
Каб не ўсмешка твая, Кацярына,
Не біблейскі – за кратамі! – твар.

Каб не вочы, што нават у болю,
У глыбока схаваных слязах
Гэтак поўняцца вечнай любоўю,
Быццам свецяцца на абразах.

18 лютага журналістак Кацярыну Андрэеву (сапраўднае прозвішча Бахвалава) і Дар'ю Чульцову асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. За рэпартаж, якія яны вялі з "Плошчы Перамен", іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Праваабаронцы яшчэ да суда прызналі Андрэеву і Чульцову палітзняволенымі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі