Уладальніка аграсядзібы на Лідчыне аштрафавалі, бо амапаўцы ўбачылі "Пагоню"

17/05/2021 - 20:06

17 траўня суд Лідскага раёна аштрафаваў уладальніка аграсядзібы "Гасьціна" Віталя Карабача на 870 рублёў (30 базавых). Яго прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета. 

Карабача затрымалі 14 траўня. Перад судом мужчына трое сутак правёў пад вартай.

"Мне далі штраф 30 базавых велічынь за пікет у сядзібе. Ехаў міма мінскі АМАП, убачыў "Пагоню" і так заехаў у госці", — расказаў Карабач інфармагенцтву БелаПАН.

Мужчына паведаміў, што міліцыя абыходзілася з ім карэктна. Але да палітычных затрыманым існавалі абмежаванні: ім не давалі паліць, не прымалі перадачы, ноччу падымалі два разы.

У суддзі Філатава, які разглядаў справу Карабача, прэтэнзіі былі не да вялікай "Пагоні" ў сядзібе, а да сімволікі ў машыне.

Гістарычны герб "Пагоня" ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ахоўваецца дзяржавай як нематэрыяльная каштоўнасць. Гэта не замінае міліцыянтам затрымліваць за яго, а суддзям — штрафаваць або адпраўляць на суткі.

Карабач плануе і надалей займацца сядзібай. Хіба што на ўваходзе цяпер не будзе нацыянальнай сімволікі. Аднак у выпадку далейшага ціску ён гатовы прадаць бізнэс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі