Украінскіх журналістаў на беларускай мяжы праверылі да майткоў

17/04/2016 - 18:36

Беларускія мытнікі на пункце пропуску "Новая Гута" некалькі гадзінаў без тлумачэнняў абшуквалі здымачную групу канала "1+1", паведамляе "Беларускі партызан". Аўтамабіль журналістаў разабралі літаральна па частках. Саміх украінцаў прымусілі распрануцца да сподняй бялізны, уважжліва агледзелі іх асабістыя рэчы.

Пры гэтым журналістам адмовілі ў тэлефанаванні ў МЗС, хаця здымачная група была афіцыйна акрэдытаваная ў Беларусі. Журналісты падазраюць, што падставай стаў відэасюжэту пра жыццё сучаснай Беларусі і "бацькаву лібералізацыю". Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавёў журналіст Яўген Плінскі — адзін з журналістаў, якія трапілі пад догляд мытнікаў.

Паведамляецца, што ўкраінцы былі ў Беларусі ў пяцідзённай камандзіроўцы. Яны рабілі рэпартаж, прысвечаны ўплыву Чарнобыльскай катастрофы на частку беларускай тэрыторыі.

Цяперашні догляд Плінскі звязвае з папярэднім візітам у Беларусь і сюжэтам, які выйшаў тады. "Матэрыялы, якія тады выйшлі ў эфір, былі вельмі разнастайныя, мы распавядалі не толькі пра тое, як жыве краіна, але і пра тое як улада Беларусі навучылася зарабляць на вайне Украіны з Расіяй, мы паказалі "аскетычныя" рэзідэнцыі чыноўнікаў і трохі распавялі пра бізнэс сям'і прэзідэнта Лукашэнкі. Магчыма, таму наш паўторны візіт палічылі нахабствам і вырашылі нас такім чынам правучыць", — мяркуе ён.

18 красавіка журналіст абяцае падаць афіцыйную скаргу і запатрабаваць сатысфакцыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі