Украінскі генерал прапанаваў наносіць удары па беларускіх аэрадромах

12/07/2022 - 11:27

Украінскі генерал Сяргей Крыванос мяркуе, што Украіна мусіць наносіць удары па беларускіх аэрадромах, дзе размешчана расійская ваенная тэхніка. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю выданню "Новое время".

"Я як вайсковец магу адказаць: я б знішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, таму што яны не беларускія — гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расіянам, персанал там расійскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расіяне і перыметр 5 кіламетраў вакол аэрадрома ўжо расійскі — ніводнага беларуса, ні ваеннага, ні грамадзянскага. Мы будзем знішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расійскія базы, якія з'яўляюцца расійскай тэрыторыяй. Давайце так дыпламатычна пабудуем адказ", — сказаў Крыванос.

Па яго словах, верагоднасць таго, што з беларускай тэрыторыі ва Украіну зноў знойдзе расійская армія, дастаткова высокая. Да таго ж, гэтым разам да яе можа далучыцца беларускае войска, перакананы генерал.

"Нагадаю, што мабілізацыйны патэнцыял Рэспублікі Беларусь — гэта 340 тысяч, плюс самі ўзброеныя сілы — 56 тысяч. Гэта практычна 400 тысяч вайскоўцаў. Сухапутны кампанент, вядома, значна меншы, але тым часам у іх ёсць чым ваяваць супраць нас. Пытанне ў маральным духу.

Тыя, хто служаць непасрэдна ва ўзброеных сілах — кадравыя, вельмі добра прамытыя прапагандай і беларускай, і расійскай на карысць Расіі. Тыя, хто прызваны з рэзерву і хто часта бываў на тэрыторыі нашай краіны, разумеюць непатрэбнасць гэтай вайны для беларускага народа, і многія з іх, калі пачнуцца баявыя дзеянні, хутчэй будуць здавацца ў наш палон. Але не трэба расслабляцца, трэба рыхтавацца да вайны, і кожны населены пункт уздоўж мяжы на вялікую глыбіню павінен мець свае інжынерныя збудаванні — доты, дзоты, бліндажы, мінныя палі", — кажа генерал.

Крыванос перакананы, што памежны канфлікт на беларуска-украінскай мяжы непазбежны на 98%. Але яго развіццё залежыць ад адпору, які зладзяць украінцы. 

Мэтай магчымага нападу на Украіну войскаў з тэрыторыі Беларусі (а генерал падкрэслівае, што з поўначы ў яго краіну будзе ісці не толькі беларуская, але і расійская армія) Крыванос называе знішчэнне Украіны як незалежнай і самастойнай дзяржавы. У выпадку далучэння беларускай арміі да вайны вайсковец не выключае новыя баі не толькі пад Кіевам, але і ў самой сталіцы Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі