Украіна прыдумляе, як выратаваць дэмаграфічную сітуацыю. Пакуль усё кепска

19/08/2024 - 11:53

Кіеў

Украіна шукае спосабы справіцца з катастрафічнай дэмаграфічнай сітуацыяй, у тым ліку праз запрашэнне ў краіну замежнікаў. Гэта ўжо дало свой плён: з пачатку шырокамаштабнай вайны замежнікі з больш чым са ста краін адкрылі ва Украіне 3075 кампаній. Часцей за ўсё гэта рабілі грамадзяне Турцыі, Узбекістана і Польшчы. Таксама ў дзясятку лідараў трапілі грамадзяне ЗША, Казахстана, Германіі і Азербайджана. 

 

Кожны год знікае цэлы горад

Нараджальнасць у 2024-м у паўтара раза меншая за паказчыкі 2021-га, піша ўкраінскае медыя "Громадське". На аднаго нованароджанага прыпадае трое памерлых. Калі правесці колькасную аналогію, сітуацыя такая, быццам кожны год ва Украіне знікае горад памерам з Жытомір.

Эксперты ААН прагназуюць, што да 2100 года насельніцтва Украіны можа зменшыцца да 15,3 мільёна чалавек. Цяпер у краіне жыве прыкладна 37 мільёнаў.

 

Атрымаць працу ва Украіне стала прасцей

У ранейшыя гады ўрад штогод уручную вызначаў квоты на колькасць іміграцыйных дазволаў. Але ў ліпені 2023-га прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, які значна спрашчае выдачу такіх дазволаў. Цяпер Кабінет Міністраў не будзе вызначаць "прэвентыўныя" квоты, а будзе выкарыстоўваць іх для сітуатыўнай рэгуляцыі сітуацыі. Гэта значыць, квоты з'явяцца, калі, да прыкладу, наплыў мігрантаў будзе ствараць праблемы на рынку працы.

Раней, каб атрымаць дазвол на працу ва Украіне, замежніку даводзілася сабраць велізарны стос дакументаў, уключаючы даведку аб несудзімасці і медыцынскія даведкі, а таксама пацверджанне, што ён не прэтэндуе на працу, з якой справіўся б украінскі кандыдат. Цяпер гэты спіс прадугледжвае толькі заяву, копію пашпарта і копію працоўнага кантракту. Падаць гэтыя дакументы можна анлайн — напрыклад, праз праграму "Дія".

Да беларусаў як да прадстаўнікоў краіны-суагрэсара такія паслабленні не адносяцца.

Для таго, каб змяніўся дэмаграфічны трэнд і насельніцтва пачало хоць патроху расці, трэба штогод прыцягваць звонку як мінімум 1% цяперашняга насельніцтва. То-бок зараз гэта прыкладна 300 тысяч чалавек на год. Але пакуль што Украіне ўдаецца прыцягнуць толькі 50-80 тысяч чалавек на год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі