У Віцебску распачалі крымінальную справу за публічную абразу міліцыянера

03/03/2020 - 08:45

У Віцебску распачалі крымінальную справу за публічную абразу міліцыянера. Сайт vitebskspring.org паведамляе, што па ёй праходзіць відэаблогерка Вольга Жураўская ("Здымаць дазволена"). Справу распачалі па факце публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Жураўскай пагражае да трох гадоў абмежавання волі.

Падставай для распачацця крымінальнай справы называецца адзін з відэаролікаў, які з'явіўся на YouTube-канале блогеркі. Пад ім быў каментар, які сілавікі ўспрынялі, як негатыўную ацэнку старшага інспектара аддзелу аховы правапарадку маёра міліцыі Андрэя Шчаглова. Блогерка сцвярджае, што вершаваны каментар пісала не яна, а сам ён быў пазней кімсьці выдалены. Якраз у той час Вольга Жураўская не мела доступу да свайго каналу.

У згаданым відэароліку гучаць словы "мудак" і "хрэн", але лінгвістычная экспертыза не прызнала іх зневажальнымі.

Яшчэ ў канцы 2019-га ў відэаблогеркі падчас ператрусу канфіскавалі відэакамеры і камп'ютары. Яны дагэтуль знаходзяцца ў Следчым камітэце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі