У Віцебскім раёне перакуліўся турыстычны аўтобус, ёсць пацярпелыя

22/06/2023 - 17:19
На месцы здарэння / t.me/pressmvd/

Пасля аварыі ў Віцебскім раёне па меддапамогу звярнуліся 17 чалавек. ДТЗ адбылося "па дарозе на аэрадром". На месца прыязджалі шэсць брыгад "хуткіх". Усім пацярпелым аказалі дапамогу на месцы, ад шпіталізацыі яны спачатку адмовіліся. Аднак пазней у Бальніцу хуткай меддапамогі ў Віцебск завезлі 4 чалавек (самаму малодшаму з іх 16 гадоў), у абласную бальніцу — 7 (самаму малодшаму — 12 гадоў), паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Яна не ўдакладняе, што была за аварыя. З сацсетак вядома, што перакуліўся на бок аўтобус. 

Пазней прэс-служба МУС паведаміла, што каля 17:40 на 93-м кіламетры аўтадарогі М-8 (мяжа РФ — Віцебск — Гомель) у аварыю трапіў турыстычны аўтобус. Neoplan сутыкнуўся з аўтамабілем Nissan, які ехаў у спадарожным накірунку і спыніўся на скрыжаванні для павароту налева. Ад удару аўтобус з'ехаў у правы кювет і перакуліўся. Разам з кіроўцам у салоне аўтобуса былі 50 чалавек.

БЕЛТА ўдакладняе, што аўтобус ехаў з Магілёва ў Санкт-Пецярбург. 34-гадовы кіроўца — жыхар Гомеля, а пасажыры — пераважна жыхары Магілёўшчыны. Людзей везлі на экскурсію. У бальніцы застаецца 45-гадовая жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі