У Турцыі загінула беларуска з мужам і двума дзецьмі — "Белсат"

08/02/2023 - 18:51
Землятрус у Турцыі / point.md

Падчас землятрусу ў Турцыі загінула беларуска разам з мужам і дзецьмі. У сям'і быў 11-гадовы сын і 4-гадовая дачка, паведамляе "Белсат". У доме, дзе жыла сям’я, выратаваліся ўсе, акрамя іх.

Трагедыя адбылася ў горадзе Кахраманмараш каля Газіянтэпа — эпіцэнтру землятрусу. Пра смерць беларускі журналістам расказала яе знаёмая, таксама наша суайчынніца, якая стала жыве ў Турцыі.

Па словах жанчыны, яны сябравалі сем'ямі, бо іх мужы разам вучыліся ў Мінску. "Два дні не даходзілі паведамленні, абодва тэлефоны былі выключаныя. Мы спадзяваліся да апошняга, што жывыя, што проста села батарэя. Адзін з сяброў ейнага мужа напісаў, што яны пад завалам, іх шукаюць. А потым напісаў, што ўжо ўсё, іх няма. Пазней гэта пацвердзілі іхныя родныя. Сказалі, што ўсе выратаваліся, акрамя іх сям’і", — кажа знаёмая загінулай беларускі.

Цяпер знаёмыя шукаюць родных загінулай беларускі. Дзе яе пахаваюць, пакуль не вядома.

Раней амбасада Беларусі ў Турцыі паведамляла, што пасля землятрусу не мае сувязі з чатырма беларусамі.

На консульскім уліку ў Турцыі стаяць больш за 400 беларусаў. 53 чалавекі жывуць у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах, якія найбольш пацярпелі ад землятрусу.

Магутныя землятрусы адбыліся ў Турцыі і Сірыі 6 лютага. Іх ахвярамі сталі тысячы чалавек — дакладная колькасць яшчэ не вядомая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі