У смяротным ДТЗ пад Мінскам падазраюць расійскага блогера. Ён пад падпіскай

02/08/2018 - 16:10

1 жніўня тэлеграм-канал “Беспощадный пиарщик” паведаміў, што расійскі блогер Ілля Рубцоў збіраецца падмануць беларускіх следчых. Сцісла гісторыя такая: Рубцова падазраюць у тым, што, падарожнічаючы па Беларусі, ён насмерць збіў чалавека на трасе Мінск — Масква. Блогеру трэба будзе прайсці следчы эксперымент, але яго ўласны аўтамабіль Renault Sandero разбіты. Таму кемлівы малады чалавек шукае такую ж машыну, каб патрэніравацца перад спатканнем са следчымі.

"Беспощадный пиарщик" прыводзіць скрыншоты, нібыта зробленыя са старонкі Іллі Рубцова ў "Фэйсбуку".

"Мне трэба будзе следчы эксперымент. Следчы апісаў толькі адну частку (другую, статычную), адвакат упэўнены, што спачатку будзе яшчэ іншая. Спачатку мне трэба будзе праехаць з закрытым спідометрам з той хуткасцю, якая была ў момант аварыі. Па адчуваннях. Тры разы і потым выбраць самы падобны. Затым статычная частка: машына становіцца ад умоўнага месца аварыі на адлегласці, якую я праязджаў за 1,2... 5 секунд з той хуткасцю, я і панятыя павінныя будзем у кожны з гэтых разоў паспрабаваць разгледзець на дарозе статыста, які грае ролю пацярпелага".

Мяркуючы са змесце скрыншотаў, Рубцоў спадзяецца, што ўбачыць статыста з 25-27 метраў, "паколькі ў гэта ўкладваецца і прыпыначны шлях пры хуткасці 70 км/г". Аказваецца, блогер не ведаў, што кіроўцам са стажам кіравання менш за два гады ў Беларусі можна ехаць з хуткасцю, якая не перавышае 70 кіламетраў. А правы ён атрымаў менш за два гады таму — у лістападзе 2016-га.

Фота са старонкі Іллі Рубцова "Вконтакте".

Смяротнае ДТЗ, пра якое ідзе гаворка, адбылося 30 ліпеня каля 1:00 у Барысаўскім раёне. Аўтамабіль маркі Renault Sandero, за рулём якога знаходзіўся 33-гадовы кіроўца, насмерць збіў 26-гадовага пешахода. Машына рухалася ад Мінска да мяжы з Расіяй.

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова пацвердзіла Еўрарадыё, што аўтамабілем кіраваў грамадзянін РФ Ілля Рубцоў:

"Так, гэта сапраўды той чалавек, пра якога вы кажаце. Катэгарычна казаць "здзейсніў наезд" пакуль рана, па гэтай крымінальнай справе ён з'яўляецца падазраваным. Да яго ўжытая працэсуальная мера прымусу — абавязанне аб яўцы. Ён у Беларусі, кантактуе са следчым і ўдзельнічае ў працэсуальных дзеяннях".

Па факце здарэння пачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса — парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Юлія Ганчарова таксама пацвердзіла Еўрарадыё, што Рубцова чакае аўтатэхнічная экспертыза, падчас якой будзе вызначана, з якой хуткасцю рухаўся аўтамабіль падчас ДТЗ.

Мяркуючы па допісах у сацсетках, разам з Рубцовым у Беларусь прыехаў яго сябар — IT-журналіст Іван Звягін. Імаверна, ён быў у машыне Рубцова падчас ДТЗ.

Скрыншот са старонкі Івана Звягіна ў Фэйсбуку.

Мы датэлефанаваліся да Івана Звягіна, аднак ён не стаў слухаць нашых пытанняў: "Не, да пабачэння, усяго добрага". Сам жа Ілля Рубцоў на званкі Еўрарадыё не адказаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі