У Слоніме старажытная царква стала "зялёнай". Улады высвятляюць, чаму

23/10/2024 - 09:12

Свята-Троіцкая царква ў новым колеры / @spadczyna

Улады Слоніма высвятляюць, чаму помнік XVII стагоддзя — Траецкую царкву —  пафарбавалі ў ярка-зялёны колер.

У 2015 годзе на будынку з'явіліся залатыя купалы-цыбуліны, якімі прынята ўпрыгожваць цэрквы ў Расіі. За гэта прыход храма, які з'яўляецца ягоным уласнікам, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці прааз парушэнні пры будаўніцтве.

У лісце, які прыводзіць ТГ-канал "Спадчына", чыноўнікі паведамляюць, што ў 2020 годзе протаіерэй Дзмітрый Сёмуха тлумачыў наяўнасць "цыбулін" адсутнасцю грошай на даследчыя працы. Але сёлета, сцвярджаецца ў лісце, "распрацоўка "навукова-даследчых і праектных работ для далейшага ўзгаднення замены купалоў з Міністэрствам культуры" будзе працягнута.

"Ёсць надзея, што купалы ўсё ж заменяць на нармальныя. Спатрэбілася ўсяго 10 гадоў", — каментуе навіну аўтар "Спадчыны".

Пакуль жа супраць прыходу Свята-Траецкай царквы распачаты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні — за зялёны колер помніка архітэктуры з 400-гадовай гісторыяй.

Скрын ліста ад Слонімскага выканкаму / @spadczyna

Траецкая царква была ўзведзена ў XVII стагоддзі і стала апорным пунктам сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў. Першапачаткова гэта быў касцёл, да якога з цягам часу дабудавалі корпус манастыра.

У 1866 годзе касцёл перарабілі ў праваслаўную царкву. Манастыр стаў духоўным вучылішчам. Цяпер у ім размешчаны інтэрнат Слонімскага медвучылішча.

Так выглядала царква да рэканструкцыі / @spadczyna
А так выглядае цяпер

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі