У скандале з выдачай польскіх віз філіпінцам замяшаная беларуска

12/03/2026 - 12:51

Рабочы, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

У шумнай "візавай афёры" ў Польшчы аказалася замяшаная фірма беларускі Анжалікі Р. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў польскіх СМІ, звярнула ўвагу выданне MOST.

Адну з крымінальных спраў у рамках "візавай афёры" накіравалі ў суд у снежні 2025-га. Абвінавачанымі па ёй праходзяць чатыры чалавекі — экс-намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык, яго неафіцыйны асістэнт Эдгар К., былы дырэктар консульскага дэпартамента МЗС Марцін Я. і яго намесніца Беата Б.

Эдгар К., паводле пракуратуры, браўся за хабар быць пасярэднікам у атрыманні віз ці паскарэнні візавых працэдур. Ён перадаваў звесткі замежнікаў Пятру Ваўжыку, каб той паскорыў разгляд і прыняў пазітыўныя рашэнні па візах.

Беларуска Анжаліка Р. жыла ў Польшчы з 2015 года і валодала фірмай, якая займалася запрашэннямі для замежнікаў з Азіі. На працу ў польшчу праз яе фірму прыбывалі грамадзяне Філіпін, якія знаходзяцца ў Ганконгу.

На пачатку 2022-га Эдгар К. шукаў рабочых на ферму свайго бацькі. Праз абвестку на партале OLX на яго выйшлі прадстаўнікі фірмы, якую ўзначальвала Анжаліка Р. Беларуска расказала Эдгару аб праблемах з атрыманнем віз, якія пачаліся з канца 2021 года. Ён паабяцаў паспрыяць — і цягам двух тыдняў замежнікі, якія меліся працаваць на ферме яго бацькі, былі запісаныя на прыём у консульства.

Пасля гэтага Анжаліка Р. дамовілася пра далейшую супрацу з Эдгарам К. і перадала яму яшчэ два спісы замежнікаў на атрыманне візаў. У іх было 148 прозвішчаў. Як і раней, звесткі з МЗС былі перададзеныя консулу ў Ганконгу. Падобная працэдура паўтаралася яшчэ некалькі разоў.

Агулам беларуска пераслала даныя 237 замежнікаў. Імёны 195 з іх былі перададзеныя ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы, 127 атрымалі візы.

За кожную атрыманую візу Эдгар К. браў па 250 долараў. З часам яго апетыты раслі — да 400, а потым да 650 долараў. Пры гэтым Анжаліка Р. была не адзінай яго кліенткай.

Паводле пракуратуры, Эдгар К. зарабіў на пасярэдніцтве некалькі соцень тысяч злотых. Яго абвінавацілі па дзевяці эпізодах платнай пратэкцыі. За гэта яму пагражае да васьмі гадоў зняволення.

Пятра Ваўжыка вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, а таксама ў раскрыцці службовай інфармацыі пабочнай асобе. Пракуратура лічыць, што намеснік міністра не атрымліваў грошы за дапамогу ў атрыманні віз.

Плаціце падаткі ў Польшчы? Тады вы можаце падтрымаць Еўрарадыё і перавесці нам 1,5% свайго падаходнага. Гэта проста! У дэкларацыі ў графе "1,5 na OPP" трэба ўвесці KRS 0000507234 і cel 137070. Вы ўбачыце арганізацыю FANIMANI — так і мусіць быць, гэта нашыя партнёры. Гэта дапаможам нам станавіцца яшчэ лепш!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі