Сірыйскія паўстанцы / Reuters
У Сірыі паўстанцы занялі горад Хама. Элітныя падраздзяленні Башара Асада не змаглі яго ўтрымаць і адступілі. Яны заявілі пра "перадыслакацыю", каб "захаваць жыцці мірных жыхароў і прадухіліць гарадскія баі". Таксама Мінабароны Сірыі прызнала вялікія страты.
Як паведамляе Reuters, паўстанцы праводзяць "зачыстку" горада, бяруць яго пад кантроль, вызваляюць палітвязняў.
Хама — пяты па велічыні горад Сірыі. Паўстанцы невялікімі сіламі ўвайшлі ў яго неўзабаве пасля ўзяцця Алепа. Але адступілі, калі рэжым Башара Асада прыслаў баяздольныя падраздзяленні з танкамі. Пасля накаплення сіл і бронетэхнікі паўстанцы зноў паспрабавалі захапіць горад. Баі на падыходах працягваліся тры дні. Паўстанцы пачалі акружаць горад, актыўна выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ, і войскі Башара Асада адступілі. Ім не дапамагла і расійская авіяцыя, якая наносіць удары па калонах паўстанцаў.
Грамадзянская вайна ў Сірыі працягваецца з 2011 года. Рэжым Асада падтрымліваюць Расія і Іран, апазіцыйныя групоўкі, якія кантралююць правінцыю Ідліб (а цяпер і Алепа) падтрымлівае Турцыя. Менавіта з Ідліба і пачаўся 27 лістапада наступ, які застаў войскі Башара Асада знянацку. Ужо праз тры дні Алепа быў заняты.
To see this content visit the full version of this page.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут