Пахаванне Ратка Младзіча, асуджанага за генацыд і ваенныя злачынствы ў Босніі і Герцагавіне / Reuters
Пахаванне Ратка Младзіча, асуджанага за разню ў Срэбраніцы, адбылося ў Сербіі з вайсковым ушананаваннем.
На яго прыбылі тысячы прыхільнікаў былога камандуючага арміяй Рэспублікі Сербскай. Як перадае Бі-Бі-Сі, пасля памінальнай службы ў царкве Святога Лукі яны прайшлі маршам да Тапсідарскіх могілак у Бялградзе. Многія прыехалі арганізавана, на аўтобусах.
Младзіч, асуджаны на пажыццёвае зняволенне, памёр 27 жніўня ў турэмным шпіталі. Яму было 84 гады. Труну даставілі з Гаагі. Калі цела вынеслі з самалёта, труну прынялі вайскоўцы Сербскай арміі і накрылі сцягамі Сербіі і Рэспублікі Сербскай. Па дарозе з аэрапорта ў ваенна-медыцынскую акадэмію, куды даставілі цела Младзіча, картэж сустракалі дзясяткі людзей з плакатамі, якія ўсхвалялі генерала — "Героі не паміраюць", "Генерал, дзякуй" ды інш. Некаторыя паліцыянты і вайскоўцы аддавалі чэсць аўтакалоне.
На паніхіду па Младзічу ў царкву прыбылі міністр абароны Сербіі Браціслаў Гашыч, міністр культуры Нікола Селаковіч, міністр без партфеля Ненад Попавіч, сын прэзідэнта Сербіі Даніла Вучыч. Таксама на паніхідзе прысутнічаў амбасадар Расіі Аляксандр Бокан Харчанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут